Міністар адукацыі не разумее, чаму вучняў, якія ня ходзяць на заняткі, хвалюе выпускны

Ігар Карпенка

Кожная школа будзе сама вырашаць, як праводзіць выпускны, перадае БелТА.

«Тут трэба зыходзіць з таго, які гэта рэгіён, якая ўстанова адукацыі, якая там сытуацыя складваецца», — сказаў міністар адукацыі Ігар Карпенка. «Мы ня будзем нікога ні ў чым абмяжоўваць у гэтых пытаньнях», — дадаў ён.

Разам з тым для Карпенкі незразумелая пазыцыя тых бацькоў і будучых выпускнікоў, якія цяпер ня ходзяць на заняткі, але турбуюцца наконт выпускных вечароў.

«Ня трэба нагнятаць незразумелую гістэрыю, калі (выказваецца думка. — БелТА), што ў школу я не іду, але мяне так хвалюе тэма, як жа я буду на выпускным і ў якой сукенцы», — выказаўся міністар.

Рэспубліканскі ж баль выпускнікоў ВНУ Міністэрства адукацыі прапануе сёлета не адмяняць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі адкладуць уступную кампанію ў сувязі з каранавірусам, ЦТ пачнецца 25 чэрвеня