Намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Аляксандар Барсукоў расказаў у Палаце прадстаўнікоў пра праект закону аб так званых «лячэбна-працоўных прафілякторыях», які дэпутаты разглядзелі ў першым чытаньні.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Калі будзе другое чытаньне законапраекту, не паведамляецца. Але перад тым, як ён набудзе моц, праект яшчэ мусіць зацьвердзіць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка.
Што прапануюць у законапраекце:
1. Накіроўваць у ЛПП «працаздольных непрацуючых асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця». Ініцыяваць накіраваньне прапануюць пастаянным камісіям занятасьці насельніцтва (у народзе — «дармаедзкія камісіі»), а канчатковае рашэньне прымаць суду. Як крытэры разглядаць злоўжываньне алькаголем і наркотыкамі, учыненьне правапарушэньняў у стане алькагольнага ап’яненьня, дыягназы «хранічны алькагалізм», «наркаманія» і «таксыкаманія».
2. Падзяліць ЛПП на два віды з рознымі ўмовамі ізаляцыі: адзін для тых, хто трапіў у ЛПП упершыню, другі — для раней судзімых або накіраваных у ЛПП паўторна. Асобна ад астатніх разьмяшчаць тых, хто дабраахвотна захацеў лячыцца ад алькагалізму, наркаманіі і таксыкаманіі.
Тры гады таму паведамлялася, што ў Беларусі штогод са 160 тысяч альказалежных 8 тысяч адпраўляюць у ЛПП. Два гады таму ўрад зацьвердзіў захады супраць «дармаедаў», адным зь якіх ужо было накіраваньне ў ЛПП «працаздольных непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця». Некаторых вызваленых з ЛПП пасьля накіроўваюць у «міліцэйскі калгас».
Нягледзячы на крытыку, Міністэрства ўнутраных справаў адмаўляецца ад закрыцьця ЛПП. Тое, што праваахоўнікі называюць «працатэрапіяй», у сьвеце лічаць формай прымусовай працы, забароненай міжнароднымі дамовамі, падпісанымі ў тым ліку Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя Берасьцейшычы накіроўвала ў ЛПП бяскрыўдных, а ня хатніх агрэсараў, — пракуратура ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта зьвярынец» — расейская фатографка выдала ў Галяндыі кнігу пра беларускі ЛПП ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Асноўнае лекаваньне — праца і рамонкавая гарбата»: The Guardian пра беларускія ЛПП