Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Шуневіч праінспэктаваў «міліцэйскі калгас», дзе працуюць былыя вязьні


Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч

Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч праінспэктаваў сельгаспрадпрыемства «Хутар-Агра» у Сьветлагорскім раёне, дзе працуюць былыя асуджаныя, а таксама накіраваныя ў так званыя лекава-працоўныя прафілякторыі.

Як паведамляе прэс-служба МУС, генэрал прыехаў у суправаджэньні начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Алега Маткіна. Летась «Хутар-Агра» перайшоў у падпарадкаваньне дэпартамэнту.

У ведамаснай відэасправаздачы бачна, што ў суправаджэньні кіраўнікоў гаспадаркі Шуневіч спачатку агледзеў парк тэхнікі, а потым скіраваўся на фэрму, дзе працуюць былыя зьняволеныя.

«Цяпер гэта наша падраздзяленьне, я называю яго „Першае міліцэйскае падразьдзяленьне з сельскагаспадарчым ухілам“. Сёньня тут працаўладкавана каля 30 чалавек зь ліку тых, хто вызваліўся ці знаходзіцца ў ЛПП. Гэта, безумоўна, невялікая колькасьць, але мы будзем яе павялічваць», — распавёў Ігар Шуневіч.

Паводле генэрала, у гаспадарцы заплянавана будаўніцтва інтэрнату для былых асуджаных, якія захочуць працаваць. Ня яго перакананьне, з часам тут будуць створаныя «ідэальныя ўмовы для працы, жыцьця і сацыяльнай рэабілітацыі».

Сельгаспрадпрыемства «Хутар-Агра» створана ў ліпені 2016 году шляхам рэарганізацыі Сьветлагорскага аграпрамысловага ўпраўленьня аб’яднаньня «Беларуснафта».

Асноўным відам дзейнасьці зьяўляецца вытворчасьць малака, мяса, збожжа і кармоў. Летась у сьнежні, згодна з пастановай Савету міністраў, сельгаспрадпрыемства перайшло ў рэспубліканскую ўласнасьць для наступнай перадачы ў падпарадкаваньне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Уся вырабленая прадукцыя зараз выкарыстоўваецца для патрэбаў крымінальна-выканаўчай сыстэмы ведамства.

Незадоўга да ўрадавага рашэньня карэспандэнт Свабоды наведаўся ў гаспадарку і пацікавіўся ў месьцічаў іх стаўленьнем да суседзтва з былымі асуджанымі.

У аграгарадку на Гомельшчыне ня рады будучаму нашэсьцю «зэкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG