«У нас таксама лечаць хворых з каранавірусам» — Ірына Абельская, галоўны доктар мэдцэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта

Рэспубліканскі клінічны мэдычны цэнтар

У Рэспубліканскім клінічным мэдцэнтры кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ў Ждановічах перапрафілявана спэцыяльнае аддзяленьне для лячэньня пацыентаў з каранавірусам.

«У нас лечаць хворых з каранавірусам, як і ва ўсіх лячэбных установах», — сказала карэспандэнту Свабоды галоўны доктар мэдцэнтру Ірына Абельская.

Ірына Абельская, архіўнае фота Tut.by

Яна не паведаміла, колькі ў лякарні цяпер такіх пацыентаў.

«Гэтую інфармацыю мы апэратыўна перадаём у Міністэрства аховы здароўя, лічба мяняецца штодня: нехта выпісваецца з выздараўленьнем, а нехта паступае».

Паводле Ірыны Абельскай, у цэнтры ёсьць аддзяленьне рэанімацыі, дзе ёсьць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

«На гэты момант у нас ніводнага пацыента на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх няма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Усё на самым сучасным узроўні». Япрынцаў расказаў пра свой каранавірус і лячэньне ў «прэзыдэнцкім» мэдцэнтры

Ірына Абельская сказала, што ніякай канкрэтнай інфармацыі па пацыентах даць ня можа, бо гэта лекарская таямніца.

Сродкаў індывідуальнай засьцярогі для спэцыялістаў, мэдычных работнікаў хапае.

«У нас яны былі і на той момант, бо мы заўсёды рыхтаваліся да падобных мерапрыемстваў, штогод глядзім, каб у нас мэдычныя работнікі былі экіпіраваныя. Ну, і потым таксама куплялі, дакуплялі, калі была абвешчана эпідэмія. Таму цяпер мы маем усе неабходныя сродкі індывідуальнай засьцярогі».

Ці ёсьць сярод лекараў цэнтру інфікаваныя каранавірусам?

«У нашай лячэбнай установе, на шчасьце, на дадзены момант мэдычных работнікаў з COVID-19 пакуль няма».

Сярод цяперашніх пацыентаў клінічнага мэдцэнтру ў Ждановічах — сябра выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі самба Ўладзімер Япрынцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чэмпіёна ў самба, прадпрымальніка Япрынцава шпіталізавалі з каранавірусам