Па стане на 27 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 94 выпадкі COVID-19, пры тым ужо 32 пацыентаў выпісалі або рыхтуюць да выпіскі. Гэтыя лічбы — адны з найлепшых у Эўропе. Мінздароўя сьцьвярджае, што ня ўтойвае фактаў інфікаваньня.
Колькі выпадкаў у іншых краінах, блізкіх да Беларусі ў колькасьці насельніцтва
У Беларусі па стане на 2019 год было каля 9 408 400 чалавек. Гэта значыць, што цяпер на мільён чалавек каля 10 выпадкаў COVID-19. Першы выпадак у краіне зафіксавалі 28 лютага.
У іншых краінах Эўропы з блізкай колькасьцю насельніцтва колькасьць заражэньняў новым каранавірусам істотна вышэйшая:
- Аўстрыя — 7317 выпадкаў, 58 памерлых;
- Бэльгія — 7284 выпадкі, 289 памерлых;
- Вугоршчына — 300 выпадкаў, 10 памерлых;
- Грэцыя — 892 выпадкі, 27 памерлых;
- Партугалія — 4268 выпадкаў, 76 памерлых;
- Чэхія — 2062 выпадкі, 9 памерлых;
- Швайцарыя — 11 951 выпадак, 197 памерлых;
- Швэцыя — 2893 выпадкі, 77 памерлых.
Ва ўсіх гэтых краінах колькасьць выяўленых выпадкаў расьце істотна хутчэй, чым у Беларусі.
Пры тым шмат у якіх краінах, дзе зафіксавалі больш выпадкаў, выпісалі пакуль менш хворых: напрыклад, у Швэцыі толькі 16, у Чэхіі 10.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларуская інфэкцыяністка: у Швэцыі без абвяшчэньня карантыну людзей памерла менш, чым там, дзе яго абвясьцілі
Дзе ў Эўропе менш інфікаваных, чым у Беларусі
- Косава — 86 выпадкаў. Насельніцтва: 1,81 млн. Першы выпадак: 13 сакавіка.
- Грузія — 81 выпадак. Насельніцтва: 3,72 млн. Першы выпадак: 26 лютага.
- Чарнагорыя — 70 выпадкаў. Насельніцтва: 631 тысяча. Першы выпадак: 17 сакавіка (да таго была апошняй краінай Эўропы, дзе не фіксавалі COVID-19).
- Ліхтэнштэйн — 56 выпадкаў. Насельніцтва: 38,5 тысячы. Першы выпадак: 3 сакавіка.
- Манака — 33 выпадкі. Насельніцтва: 38,3 тысячы. Першы выпадак: 29 лютага.
- Ватыкан — 5 выпадкаў. Насельніцтва: менш за 1 тысячу чалавек. Першы выпадак: 5 сакавіка.
Акрамя таго, у Эўропе ёсьць часткова незалежныя тэрыторыі, падначаленыя Брытанскай кароне, у якіх менш выпадкаў COVID-19, чым у Беларусі: Гібральтар (35 выпадкаў), востраў Гэрнзі (34), востраў Джэрзі (32) і востраў Мэн (26).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каранавірус заблякаваў Марачкіна ў Чарнагорыі. Мастак задаволены
Дзе ў Эўропе менш выпадкаў на душу насельніцтва
Афіцыйныя паказьнікі ў Беларусі добрыя ня толькі ў абсалютных значэньнях, але і ў адносных. Менш за 10 выпадкаў COVID-19 на мільён жыхароў у Расеі (каля 7 на мільён пры 1036 выпадках агулам) і Ўкраіне (каля 5 на мільён пры 226 агулам).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі рыхтуюцца да выбуховага росту каранавірусу
Што Мінздароўя адказівае на сумневы ў праўдзівасьці статыстыкі па COVID-19
На прэс-канфэрэнцыі Мінздароўя 27 сакавіка журналісты згадалі сумневы, якія беларусы выказваюць адносна афіцыйнай статыстыкі. Намесьніца міністра Алена Богдан і галоўная санітарная лекарка Натальля Жукава адказалі на гэта, што ў Беларусі выпадкі COVID-19 ня ўтойваюць, што «мы робім усё, каб не было, як у некаторых краінах Эўропы», «робім усе захады для спакойнага жыцьця ў краіне», «сытуацыя спакойная і абсалютна кантраляваная», «хоць сьвет гарыць вакол».
«На шчасьце, захавалася сыстэма аховы здароўя, рэсурс якой разьлічваўся на такія сытуацыі, — заявіла галоўная санітарная лекарка Натальля Жукава. — Таму ў нас пакуль ня так. Спадзяёмся, што і далей мы зможам захаваць сытуацыю кіраванай».