Група беларускіх мастакоў ня зможа ў прызначаны тэрмін вярнуцца з Чарнагорыі, паведамляе «Народная Воля».
Чацьвёра беларускіх мастакоў — Аляксей Марачкін, Натальля Піневіч, Алесь Фалей і Настасься Патворава — прыехалі ў Чарнагорыю на пачатку сакавіка. Месячны пленэр у гарах арганізаваў тутэйшы бізнэсовец Ратка Паповіч, які забясьпечыў беларусаў жыльлём і харчаваньнем. Наўзамен, паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, возьме ў дар іх карціны.
У Менск творцы павінны былі вярнуцца не пазьней за 3 красавіка. Але ад’езд адкладаецца як мінімум на 20 дзён, бо на час карантыну авіязносіны з Чарнагорыяй спыненыя. Як паведаміў выданьню Ігар Марачкін, сын Аляксея Антонавіча, бацька з галавой сышоў у працу, таму такая затрымка яго толькі ўзрадавала.
«Краіна праз каранавірус абязьлюднела: гатэлі на ўзьбярэжжы не працуюць, кавярні зачыненыя, дарогі на пляж перакрытыя. Застаюцца толькі горы. Там выпаў вялікі сьнег. Але бацька радуецца: нарэшце з кветак, з натурмортаў пяройдзе на зімовыя краявіды. Засумаваў па сьнезе», — расказаў Ігар Марачкін.
У Чарнагорыі зарэгістраваныя 22 выпадкі заражэньня COVID-19, пад наглядам 5565 чалавек. 65-гадовы мужчына, у якога было хранічнае захворваньне лёгкіх, памёр некалькі дзён таму.