Севярынец падаў заяўку на ўдзел у праймэрыз. Хто яшчэ хоча быць адзіным кандыдатам ад апазыцыі?

Павал Севярынец падчас пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 21 сьнежня 2019 году

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павел Севярынец падаў заяўку на ўдзел у праймэрыз па выбары адзінага кандыдата ад апазыцыі для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, паведаміў сайт БХД.

Раней палітык казаў, што апазыцыя павінна ўдзельнічаць у выбарах, але ў яе павінны быць умовы, пры якіх яна пойдзе на байкот: адмова ў рэгістрацыі адзінага кандыдата і рэпрэсіі.

Прыём заявак на на ўдзел у праймэрыз заканчваецца ўвечары 16 лютага. Пасьля гэтага будзе галасаваньне ў інтэрнэце. Адзінага кандыдата апазыцыя мае назваць да канца траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая заявіла пра жаданьне стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Хто яшчэ?

Пра ўдзел у праймерыз, акрамя Севярынца, ужо заявілі:

  • экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая,
  • старшыня АГП Мікалай Казлоў,
  • кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч,
  • намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч,
  • актывістка БХД Вольга Кавалькова.

Ня выключылі свайго ўдзелу старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, блогер Сяргей Ціханоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як падаць заяўку на выбары адзінага кандыдата ад апазыцыі

Пра прэзыдэнцкія амбіцыі ў абыход праймэрыз заяўлялі кіраўнік «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Не зьбіраецца сыходзіць на пэнсію і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Згодна з правіламі ўдзелу ў праймэрыз, кожны прэтэндэнт павінен зрабіць унёсак у 500 эўра і выступаць за:

  • за незалежнасьць Беларусі,
  • супраць дыктатуры,
  • за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзянаў,
  • за выхад з АДКБ і дамовы аб «Саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі,
  • за вывад замежных вайсковых аб’ектаў зь Беларусі,
  • за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры,
  • за добрасуседзкія і раўнапраўныя адносіны з Эўразьвязам, ЗША, Расеяй і іншымі краінамі,
  • супраць умяшаньня зьнешніх сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі.

Згодна з разьлікамі Цэнтарвыбаркаму, прэзыдэнцкія выбары пройдуць сёлета не пазьней за 30 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч патлумачыў, чаму ня ўдзельнічае ў праймэрыз апазыцыі і назваў свайго фаварыта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя і прэзыдэнцкія выбары. Што лепш за праймэрыз?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня факт, што адзінага кандыдата ад апазыцыі зарэгіструюць, — Быкоўскі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія пытаньні выклікае ідэя апазыцыі вызначыць адзінага кандыдата шляхам праймэрыз?