Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пытаньні выклікае ідэя апазыцыі вызначыць адзінага кандыдата шляхам праймэрыз?


Прэтэндэнты на тое, каб стаць адзіным кандыдатам: Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў, Ігар Барысаў і Рыгор Кастусёў
Прэтэндэнты на тое, каб стаць адзіным кандыдатам: Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў, Ігар Барысаў і Рыгор Кастусёў

Дэбютная ідэя выбраць адзінага кандыдата з дапамогай шырокай грамадзкасьці аказалася змазанай. Працэдура праймэрыз выклікае пытаньні і непаразуменьне.

Сьцісла

  • Апазыцыйныя партыі атрымаюць ня проста кантрольны пакет акцый, а мэханізм, які прадугледжвае гарантаваны вынік. Пераможа адзін з партыйных лідэраў.
  • Выбіраць адзінага кандыдата будзе апазыцыйная тусоўка, а астатняму грамадзтву прапанавана проста пагуляцца ў палітыку.
  • Той, хто спадабаецца вузкаму колу апазыцыйных актывістаў, можа зусім не спадабацца звычайнаму абывацелю.
  • Адзіны кандыдат павінен арыентавацца на тое, каб здабыць электаральную большасьць.

Пяць апазыцыйных партый дамовіліся вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары з дапамогай праймэрыз. Сам факт таго, што вядучыя партыі паразумеліся і змаглі распрацаваць супольны праект, варты павагі. Яшчэ важней, што робіцца спроба рэалізаваць гэты праект у выглядзе палітычнай кампаніі і з дапамогай шырокай грамадзкасьці.

Аднак працэдура, мэханізм правядзеньня праймэрыз выклікае пытаньні і непаразуменьне. Глядзіце, што атрымліваецца. Агульны кандыдат будзе абраны паводле 4 складнікаў з сыстэмай балаў: галасаваньня падчас паездак у рэгіёнах (30 балаў), галасаваньня ў інтэрнэце (30 балаў), галасаваньня на выніковым Кангрэсе дэмсілаў (30 балаў). Яшчэ 10 балаў падтрымкі разьмяркуюць паміж удзельнікамі структур, якія арганізуюць працэдуру. Усяго — 100 балаў.

Такім чынам, прадстаўнікі партый, якія арганізуюць працэдуру, аўтаматычна атрымліваюць 10 балаў. Кандыдат, падтрыманы на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, атрымлівае 30 балаў. Як вядома, удзельнікі кангрэсу — гэта актывісты апазыцыі.

Яшчэ 30 балаў фаварыт атрымае падчас галасаваньня ў рэгіёнах. Відавочна, што ўдзельнічаць у гэтых сходах ці працэдуры выбараў «адзінага» ў абласных і раённых цэнтрах будуць, як правіла, тыя ж актывісты апазыцыі. Людзі з вуліцы наўрад ці прыйдуць на тыя сходы. Хоць бы дзеля таго, каб ня трапіць пад пільнае вока (відэакамэры) міліцыі і КДБ. (Хіба ёсьць сумненьне, што спэцслужбы не пакінуць без увагі такое важнае для рэжыму мерапрыемства?)

Дык вось, выходзіць, што 70 з 100 магчымых балаў адзіны кандыдат атрымае ад апазыцыйных актывістаў. А на шырокую грамадзкасьць у інтэрнэце, сацыяльных сетках застаецца толькі 30 балаў. Менш за трэць. Апазыцыйныя партыі атрымаюць ня проста кантрольны пакет акцый, а мэханізм, які прадугледжвае гарантаваны вынік. Пераможа адзін з партыйных лідэраў. Чужым кандыдатам, людзям з па-за межаў апазыцыі нічога ня сьвеціць. Вам гэта нічога не нагадвае? Я дык заўважыў за плячыма лідэраў, якія давалі прэсавую канфэрэнцыю, змрочны цень Лідзіі Ярмошынай. Мусіць, сапраўды ў Беларусі што ні канструюй, выходзіць аўтамат Калашнікава. Такая тут атмасфэра і глеба.

Мне могуць запярэчыць: паколькі апазыцыя ладзіць гэты праект, то яна і стварае для сябе перавагі. Якія прэтэнзіі? Калі нехта незадаволены, то няхай рэалізуе нейкі падобны праект для сябе.

І, акрамя таго, трэба стварыць страхоўку ад сытуацыі, калі ў гэты працэс уключыцца нейкі «засланы казачок», умоўны Гайдукевіч, ды возьме і пераможа.

Усё так. Але нагадаю, якая была дэбютная ідэя. Выбраць адзінага кандыдата з дапамогай шырокай грамадзкасьці. З улікам таго, што інтэрнэтам сёньня карыстаецца звыш 70% беларусаў, можна арганізаваць шырокую дыскусію па-за межамі дзяржаўных мэдый, уключыць у абмеркаваньне будучыні Беларусі ўсё грамадзтва, разбурыць манаполію рэжыму на СМІ. Людзі, якія будуць удзельнічаць у дыскусіі, выбарах адзінага, выявяць гатоўнасьць паставіць за яго свой подпіс. У выніку чаго праблема збору 100 тысяч подпісаў вырашыцца значна лягчэй. Людзей, якія паўдзельнічаюць у праймэрыз праз інтэрнэт, прасьцей мабілізаваць на падтрымку адзінага кандыдата ў офлайне.

І вось цяпер высьвятляецца, што для ўсёй вялізнай масы карыстальнікаў інтэрнэту апазыцыя выдзеліла маленькую дзялянку, памерам менш за трэць галасоў. Маўляў, і ні ў чым сабе не адмаўляйце.

То бок атрымліваецца, што першапачатковая ідэя змазаная. Выбіраць адзінага кандыдата будзе апазыцыйная тусоўка, а астатняму грамадзтву прапанавана проста пагуляцца ў палітыку. Але той, хто спадабаецца вузкаму колу апазыцыйных актывістаў, можа зусім не спадабацца звычайнаму абывацелю, які расчараваўся ў Лукашэнку і аглядаецца па баках, ці ёсьць хто іншы на гарызонце. Ці гэта ня важна?

І яшчэ. Да адзінага кандыдата вылучылі шэсьць патрабаваньняў. Адно зь іх прадугледжвае выхад з АДКБ і Саюзнай дзяржавы. Наўрад ці хто будзе спрачацца, што большасьць беларусаў гэтую прапанову сёньня не падтрымлівае. Але адзіны кандыдат павінен арыентавацца на тое, каб атрымаць электаральную большасьць.

Ці задачу дасягнуць перамогі, хоць бы электаральнай, ніхто і ня ставіць? Ну, тады ўсё становіцца на свае месцы. Але ж каб сагрэцца, такая доўгая і складаная працэдура не патрэбная.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG