Лукашэнка падпісаў першы ўказ у 2020 годзе: звольніў сакратара Рады бясьпекі

Станіслаў Зась, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 3 студзеня ўказ №1 у 2020 годзе, піша ягоная прэс-служба.

Гэтым указам генэрал-лейтэнант Станіслаў Зась вызваляецца з пасады Дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі ў сувязі зь пераходам на іншую працу.

Пра новую працу Зася было вядома яшчэ ў лістападзе мінулага году — ён атрымаў пасаду генэральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Паўнамоцтвы перайшла да яго ад 1 студзеня на тры гады. Раней — пакуль не было распараджэньня пра звальненьне — меркавалася, што ён можа захаваць пасаду і ў Беларусі.

Хто зойме пасаду Зася ў Радзе бясьпекі, пакуль не паведамлялася.

У 2019 і 2018-м першымі ўказамі Лукашэнкі за год былі ўказы аб прысуджэньні прэзыдэнцкіх прэміяў. Сёлета ўказу пра прэміі яшчэ не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьмяніў склад Савету бясьпекі

Як прызначалі Зася

Больш за 10 гадоў генэральным сакратаром АДКБ працаваў прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі Мікалай Бардзюжа. Пасьля таго, як ён пайшоў у адстаўку, было вырашана, што ў далейшым на пасаду генсака будуць прэтэндаваць прадстаўнікі ня толькі Расеі. Першым за ім быў прызначаны прадстаўнік Армэніі Юры Хачатураў.

Пасьля таго, як у Армэніі адбыліся масавыя пратэсты і зьмянілася ўлада, армянскі бок адклікаў кандыдатуру Хачатурава, абвінаваціўшы яго ў супрацьпраўных дзеяньнях падчас працы на пасадзе ў Ерэване. Гэта адбылося ў лістападзе 2018 году.

Менск настойваў на тым, што генэральным сакратаром АДКБ павінен стаць Зась. Чуткі пра гэта хадзілі прынамсі зь вясны 2019 году. Беларускую кандыдатуру ўзгаднілі Кіргізстан, Казахстан, Таджыкістан і Расея.

Супраць кандыдатуры Зася выступала Армэнія, якая лічыла, што генсакратаром па-ранейшаму мусіць стаць іх прадстаўнік. Але ў траўні Армэнія пагадзілася на Зася.