Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля канфлікту з Армэніяй АДКБ узначаліць прадстаўнік Беларусі Зась


Станіслаў Зась, архіўнае фота

Выканаўца абавязкаў генэральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы Валерый Сямерыкаў абвясьціў 28 лістапада, што з наступнага году АДКБ узначаліць прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась, піша РИА Новости.

Паводле Сямерыкава, старшынства ў арганізацыі пераходзіць па правілах АДКБ у альфабэтным парадку. Але яшчэ зранку не было ўпэўненасьці ў тым, што пасаду зойме Зась. Так, дзяржаўнае агенцтва БелТА паведамляла, што Зася запрасілі на перамовы лідэраў АДКБ у вузкім фармаце з заўвагай, што гэта «верагодна» зьвязана з тым, што ён зойме пасаду генэральнага сакратара АДКБ. Афіцыйнага паведамленьня пра прызначэньне спачатку не было. Але Зась заявіў, што рашэньне было прынятае даўно і набыла моц яшчэ 31 ліпеня.

Паўнамоцтвы кіраўніка АДКБ пяройдуць да Зася ад 1 студзеня 2020 году на трохгадовы тэрмін. Зась захоўвае пасаду і ў Беларусі — застаецца дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі.

Больш за 10 гадоў генэральным сакратаром АДКБ працаваў прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі Мікалай Бардзюжа. Пасьля таго, як ён пайшоў у адстаўку, было вырашана, што ў далейшым на пасаду генсака будуць прэтэндаваць прадстаўнікі ня толькі Расеі. Першым за ім быў прызначаны прадстаўнік Армэніі Юры Хачатураў. Пасьля таго, як у Армэніі адбыліся масавыя пратэсты і зьмянілася ўлада, армянскі бок адклікаў кандыдатуру Хачатурава, абвінаваціўшы яго ў супрацьпраўных дзеяньнях падчас працы на пасадзе ў Ерэване. Гэта адбылося ў лістападзе 2018 году.

Менск настойваў на тым, што генэральным сакратаром АДКБ павінен стаць Зась. Чуткі пра гэта хадзілі прынамсі зь вясны 2019 году. Беларускую кандыдатуру ўзгаднілі Кіргізстан, Казахстан, Таджыкістан і Расея. Супраць кандыдатуры Зася выступала Армэнія, якая лічыла, што генсакратаром па-ранейшаму мусіць стаць іх прадстаўнік. Але ў траўні Армэнія пагадзілася на Зася.

«Узніклі непазьбежныя працэдурныя розначытаньні, якія нельга атаясамліваць зь міждзяржаўнымі супярэчнасьцямі», — патлумачыў сам Зась затрымку.

Цяпер у Бішкеку праходзіць сэсія Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ, у якой удзельнічаюць кіраўнікі Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі і Таджыкістану. Ці будзе праводзіць Аляксандар Лукашэнка асабістыя сустрэчы з кімсьці з кіраўнікоў дзяржаваў, не паведамлялася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG