Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьмяніў склад Савету бясьпекі


Міністар унутраных спраў Беларусі Юры Караеў замяніў у Савеце бясьпекі свайго папярэдніка Ігара Шуневіча

Кіраўнік Беларусі сваім указам ад 19 сьнежня зьмяніў склад Савету бясьпекі Беларусі. Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Трое чальцоў пазбавіліся месцаў у Савеце:

  • былы начальнік Генштаба Алег Белаконеў (цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў),
  • былы старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч (цяпер старшыня калегіі Эўрапейскай эканамічнай камісіі),
  • былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Шуневіч.

Замест іх Лукашэнка ўключыў у Савет бясьпекі новага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенку і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

Былая кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава засталася ў Саўбезе ўжо ў якасьці старшыні Савету Рэспублікі.

Указ уступіў у сілу ў дзень падпісаньня.

Савет бясьпекі Беларусі – міжведамасны орган, упаўнаважаны распрацоўваць захады падтрыманьня бясьпекі дзяржавы. Яго ўзначальвае і ўтварае прэзыдэнт, які падпісвае пастановы. У склад Саўбезу ўваходзяць 20 асобаў (сёньня — 19, бо пазыцыя кіраўніка Генштабу УС застаецца вакантнай): кіраўнікі сілавых і іншых міністэрстваў і ведамстваў, а таксама сын кіраўніка Беларусі Віктар Лукашэнка (у якасьці памочніка па нацыянальнай бясьпецы). Дзейнасьць органа забясьпечвае сакратарыят, які зь лістапада 2015 году ўзначальвае Станіслаў Зась.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG