Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаго — у Маскву, другога — на Менскую вобласьць. Каго Лукашэнка рыхтуе ў прэм’ер-міністры


Прэм’ер-міністры ў часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі: Міхаіл Чыгір, Сяргей Лінг, Уладзімер Ярмошын, Генадзь Навіцкі, Сяргей Сідорскі, Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас

29 лістапада Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі важных кадравых прызначэньняў.

Сьцісла:

  • Блізкім часам Беларусь будзе старшыняваць у інтэграцыйных аб’яднаньнях постсавецкай прасторы, а беларускія прадстаўнікі зоймуць ключавыя пасады ў гэтых арганізацыях. Такая сытуацыя выклікала непрыхаваную эўфарыю ў Лукашэнкі.
  • Рашэньне накіраваць Мясьніковіча старшынём калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі — гэта ня толькі прызначэньне на адказную пасаду, але і ганаровая ссылка.
  • Рызыкну зрабіць прагноз, што транзытам празь Менскую вобласьць Лукашэнка рыхтуе Турчына на пасаду кіраўніка ўраду пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Так атрымліваецца, што блізкім часам Беларусь як дзяржава будзе старшыняваць у інтэграцыйных аб’яднаньнях постсавецкай прасторы, а беларускія прадстаўнікі зоймуць ключавыя пасады ў гэтых арганізацыях. У 2020 годзе Беларусь пачынае старшыняваць у Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС). Таксама Беларусь у 2020 годзе будзе сустаршынёй у Саюзе незалежных дзяржаў (СНД), а ў 2021-м стане старшынёй. Прадстаўнік Беларусі Міхаіл Мясьніковіч прапаноўваецца на пасаду старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК), якую ён можа займаць чатыры гады. З 1 студзеня сакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась зойме пост генэральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Такая сытуацыя выклікала непрыхаваную эўфарыю ў Лукашэнкі. «Мы фактычна ўзначалім увесь Савецкі Саюз», — з гонарам сказаў ён, прымаючы Мясьніковіча.

Пра новую працу Станіслава Зася было вядома даўно. Праз гэтую пасаду ўзьнік нават лёгкі дыпляматычны канфлікт Беларусі з Армэніяй. Але генэральны сакратар АДКБ — гэта пасада, хутчэй, тэхнічная. Ён не вызначае палітыку АДКБ, а зьяўляецца ў асноўным выканаўцам. У нейкай меры гэта пытаньне прэстыжу.

А вось старшыня калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі — гэта пасада больш сур’ёзная. Чалавек, які яе займае, мае пэўны ўплыў на прыняцьце эканамічных рашэньняў у рамках ЭАЭС. Дарэчы, чальцом калегіі ЭЭК, а значыць, падначаленым Міхаіла Мясьніковіча будзе вядомы расейскі прыхільнік дзяржаўнай эканомікі Сяргей Глазьеў.

Трэба сказаць, што рашэньне накіраваць Мясьніковіча на адказную пасаду ў Маскву — гэта добра пралічаны ход Лукашэнкі. Тут вырашаюцца дзьве задачы. Гэта стральба дуплетам. Беларуская вакансія запаўняецца чалавекам, які добра ведае справу. Мясьніковіч разумее, як працуе эканоміка і вялікая бюракратычная машына. Ён вядомая асоба ў Маскве і іншых сталіцах краін-чальцоў ЭАЭС. Наўрад ці гэтая кандыдатура можа выклікаць пярэчаньні.

Зь іншага боку, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў зь Менску выдаляецца адзін з зуброў беларускай намэнклятуры, даволі аўтарытэтны чалавек у кіроўнай клясе краіны, якія мае шырокія сувязі ў розных колах беларускай бюракратыі і бізнэсу. У аналітычным і дыпляматычным асяродзьдзі ходзяць чуткі, што Мясьніковіч — чалавек нумар два ў беларускай палітычнай герархіі. Цяпер ён на чатыры гады едзе ў Маскву. Можна нават лічыць гэта ганаровай ссылкай. Бо ў той палітычнай сыстэме, якая існуе ў Беларусі, не павінна быць ніякага чалавека № 2. Нават размовы пра гэта ўспрымаюцца Лукашэнкам хваравіта. Бо ўсім павінна быць вядома, што палітык у Беларусі толькі адзін.

Другое важнае кадравае прызначэньне. Пасаду кіраўніка Менскай вобласьці зойме Аляксандар Турчын, які да таго працаваў першым віцэ-прэм’ерам. Відавочна, што гэты чыноўнік у фаворы ў Лукашэнкі. З прэм’ерам Сяргеем Румасам у беларускага лідэра адносіны яўна ня склаліся. На шмат якіх нарадах, якія праводзіў Лукашэнка, урад прадстаўляў менавіта Турчын, а ня Румас. І ў паездках па рэгіёнах кіраўніка Беларусі суправаджаў чамусьці першы віцэ-прэм’ер. Рызыкну зрабіць прагноз, што транзытам празь Менскую вобласьць Лукашэнка рыхтуе Турчына на пасаду кіраўніка ўраду пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Пасаду першага намесьніка прэмʼер-міністра зойме Дзьмітры Круты. Год таму ён быў прызначаны міністрам эканомікі ў новым урадзе Сяргея Румаса. На момант прызначэньня быў самым маладым міністрам ва ўрадзе (37 гадоў). Ён курыраваў працу над «дарожнымі мапамі» ў перамовах з Расеяй.

А між тым адкрытымі цяпер застаюцца яшчэ чатыры вакансіі. Чакаецца прызначэньне новага сакратара Рады бясьпекі, міністра эканомікі, сьпікераў дзьвюх палат Нацыянальнага сходу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG