Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Аляксандар Лукашэнка з Уга Чавэсам разглядаюць узоры нафты, здабытай у Вэнэсуэле, 2007 год

Расея не пастаўляе нафту на беларускія НПЗ з 1 студзеня 2020 году. Свабода разабралася, наколькі ўсё сур’ёзна і што страціць Беларусь.

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы цяпер працуюць на рэшце сыравіны, бо з 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты. На НПЗ кажуць, што астачы хопіць толькі да сярэдзіны студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь

Наколькі ўсё кепска?

Нафтаперапрацоўчая галіна — адна з асноўных крыніц сродкаў для беларускай эканомікі. Беларусь набывае нафту ў Расеі і перапрацоўвае на сваіх НПЗ, пасьля прадае ў краіны ЭЗ і Ўкраіну ў выглядзе нафтапрадуктаў — бэнзін, дыстыляты ды іншае паліва. Напрыклад, у 2018 годзе Беларусь купіла ў Расеі нафты на 6,8 мільярда даляраў, а прадала нафтапрадуктаў на 12,8 мільярда. Агулам жа ВУП у 2018 годзе склаў каля 60 мільярдаў даляраў.

Калі запасы на беларускіх НПЗ скончацца раней за аднаўленьне паставак, то гэтыя прадпрыемствы чакае прастой і вялікія страты.

Беларускі бок у гэтым канфлікце жорстка таргуецца за цэны на нафту і мае свае аргумэнты. Пра гэта Свабодзе апавядае экспэрт у галіне энэргетыкі Тацяна Манёнак.

«Пастаўкі спыненыя, бо бакі не ўзгаднілі ўмовы паставак. Расейскі бок сьцьвярджае, што ў кожны момант можа ўзнавіць пастаўкі. Беларускі бок даўно таргуецца, каб зьнізіць цэны: пагоршылася якасьць нафты і ў цане закладзена прэмія для расейскіх нафтавых кампаніяў. Гэта каля 10 даляраў ад кожнай пастаўленай тоны. Беларускі бок цанаваўся, каб гэта зьнізіць. Бо гэтая прэмія вызначалася даўно, пры меншай цане».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латвія гатовая транспартаваць нафту ў Беларусь

Колькі страчвае Беларусь?

Пра канкрэтныя страты казаць зарана, бо пастаўкі могуць аднавіцца ў кожны момант. Пакуль для беларускіх НПЗ могуць знайсьці сыравіну на альтэрнатыўных рынках, каб не дапусьціць спыненьня прадпрыемстваў.

«Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты — дадатковы аргумэнт у спрэчцы з Расеяй. Беларусь і Расея дамовіліся аб пастаўках на беларускія НПЗ ў першым квартале 2020 году 5,7 мільёна тон расейскай нафты. Гэта поўная загрузка магутнасьцяў заводаў. Патрэбы спыняць цяпер заводы няма. Пра страты казаць рана, бо нават калі Беларусь цяпер недаатрымае нафты, то гэта можна нагнаць пасьля», — тлумачыць Тацяна Манёнак.

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі

У апошнія дні мінулага году Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з прадстаўнікамі нафтахімічнай галіны: не было кантрактаў на пастаўку расейскае нафты. Тады ён даручыў падключыць «альтэрнатыўныя крыніцы». Перш за ўсё ішлося пра пастаўкі сыравіны чыгуначным транспартам з партоў на Балтыйскім моры, а таксама аб залучэньні нафтаправоду «Дружба».

За 10 апошніх гадоў Беларусь набывала нафту ня толькі ў Расеі.

  • Напрыклад, у 2017 годзе Беларусь купіла 63 тысячы тон нафтавай сыравіны ў Казахстану. Але ў Расеі тады ж набыла 18 мільёнаў тон.
  • У 2016 годзе Беларусь набыла ў Казахстану 44 тысячы тон, але ў Расеі 18 мільёнаў тон.
  • У 2012 годзе Беларусь купіла 330 тысяч тон нафты ў Вэнэсуэлы, але ў Расеі 21 мільён тон.
  • У 2011 Беларусь паставіла з Вэнэсуэлы 1,3 мільёна тон нафты, з Расеі — 18 мільёнаў. Тады ж паставілі 974 тысячы тон з Азэрбайджану.
  • У 2010 у Вэнэсуэле закупілі 1,7 мільёна тон нафты, у Расеі — 12 мільёнаў тон.

«Пастаўкі нафтавай сыравіны з Казахстану — чыгункай, гэта невялікія аб’ёмы. Беларусь заўсёды імпартавала крыху нафтавай сыравіны з Казахстану. Можна пастаўляць нафту з Азэрбайджану, з Вэнэсуэлы. Тэхнічныя магчымасьці ёсьць. Ёсьць магчымасьць паставак з Польшчы і таксама праз балтыйскія парты. Але ж галоўнае — цана гэтых паставак. Пакуль расейская нафта самая танная для Беларусі», — кажа Тацяна Манёнак.

Цяпер на беларускіх НПЗ ідзе мадэрнізацыя, якая дазволіць перапрацоўваць нафту з розных краін. Раней былі спробы пастаўляць нафту з Ірану. Але пакуль не завяршыўся падатковы манэўр у РФ, Беларусь атрымлівае нафту цаною прыкладна 80% ад усясьветнай. Так што цалкам адмовіцца ад расейскай нафты для Беларусі — вельмі складана, упэўненая Тацяна Манёнак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі