Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля асудзілі на 15 сутак

Яўген Афнагель, архіўнае фота

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель асуджаны на 15 сутак за ўдзел ў акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, якія адбыліся ў Менску 7 і 8 сьнежня.

Інфармацыю перадаў актывіст Павал Юхневіч са спасылкай на жонку Яўгена Афнагеля, у якой сёньня на Акрэсьціна прынялі перадачу і пацьвердзілі, што ён знаходзіцца ў ізалятары.

Яўген Афнагель мае выйсьці на волю 2 студзеня 2020 году.

Раней стала вядома, што актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі сустрэне Новы год за кратамі — ён таксама асуджаны на 15 сутак і прабудзе ў ізалятары на Акрэсьціна прабудзе да 14:30 2 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі сустрэне Новы год за кратамі

18 сьнежня сустаршыня БХД Павал Севярынец паведаміў, што на Акрэсьціна таксама знаходзіцца затрыманыя лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Севярынец мяркуе, што Урбановіч таксама атрымаў 15 сутак.

18 сьнежня Севярынца самога затрымалі і асудзілі на 15 сутак. Але потым адпусьцілі без тлумачэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынцу далі 15 сутак, патрымалі ў сутарэньні і адпусьцілі

Пасьля міліцыя заявіла, што правяла зь Севярынцам прафіляктычную гутарку, папярэдзіўшы яго аб адміністрацыйнай адказнасьці за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы.

20 сьнежня апазыцыя плянуе правесьці чарговую акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй.