Улады Злучаных Штатаў мінулай восеньню выслалі з краіны двух супрацоўнікаў пасольства Кітаю — сьцьвярджае газэта The New York Times са спасылкай на крыніцы. Аб высылцы не паведамляў ні афіцыйны Вашынгтон, ні Пэкін.
Газэта піша, што кітайскія дыпляматы былі затрыманыя на тэрыторыі вайсковай базы ў штаце Віржынія. Доступ туды без спэцыяльнага пропуску забаронены. Улады ЗША западозрылі кітайскіх грамадзян у шпіянажы і прынялі рашэньне аб іх высылцы. Гэта першы падобны інцыдэнт за больш чым 30 гадоў — з 1987 году.
Паводле дадзеных New York Times, спэцслужбы ЗША лічаць, што прынамсі адзін з высланых — афіцэр кітайскай выведкі, які працаваў пад дыпляматычным прыкрыцьцём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША распавялі пра дэталі пагадненьня з Кітаем
Сьцьвярджаецца, што супрацоўнікі амбасады КНР спрабавалі схавацца ад амэрыканскіх вайскоўцаў, якія іх перасьледавалі, і спыніліся, толькі калі іх аўтамабілю перагарадзілі шлях.
У кастрычніку Злучаныя Штаты ўвялі абмежаваньні для кітайскіх дыпляматаў, абавязаўшы іх загадзя паведамляць аб плянах сустракацца з прадстаўнікамі мясцовых уладаў або наведваць адукацыйныя і дасьледчыя ўстановы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект у абарону ўйгураў у Кітаі
Тады ў Дзярждэпартамэнце заяўлялі, што гэта адказ на падобныя абмежаваньні, уведзеныя раней у Кітаі. Газэта мяркуе, аднак, што гэта было рэакцыяй на інцыдэнт на вайсковай базе.
Пра тое, ці выслаў Кітай у адказ амэрыканскіх дыпляматаў, не паведамляецца. The New York Times са спасылкай на свае крыніцы піша, што гэтага не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай увёў санкцыі супраць ЗША — праз падтрымку пратэстаў у Ганконгу