Белы дом і Офіс Гандлёвага прадстаўніка ЗША распаўсюдзілі інфармацыю пра дэталі першай фазы дамоўленасьці з Кітаем аб двухбаковым гандлі. Паводле заявы Белага дома, прагрэс дасягнуты па некалькіх «крытычна важных кірунках».
Кітай пагадзіўся правесьці структурныя рэформы ў сфэрах абароны інтэлектуальнай уласнасьці, тэхналягічных трансфэраў, сельскай гаспадаркі, фінансавых паслуг, валютнага абмену. У адказ, ЗША пагадзіліся сур’ёзна мадыфікаваць сыстэму мытных тарыфаў на кітайскіх імпарт.
Белы дом заявіў, што пагадненьне «акажа значнае пазытыўнае ўзьдзеяньне на амэрыканскую эканоміку і сусьветную эканоміку ў цэлым».
У сваю чаргу, Гандлёвы прадстаўнік ЗША Робэрт Лайтхайзэр паведаміў, што Кітай пагадзіўся цягам наступных двух гадоў закупіць на 200 млрд больш дадатковых амэрыканскіх тавараў і паслуг. У прыватнасьці, Кітай пагадзіўся закупляць дадаткова на 32 млрд даляраў амэрыканскай сельскагаспадарчай прадукцыі — то бок прыблізна на 16 млрд больш, чым у 2017 годзе.
ЗША пагадзіліся зьнізіць пошліны на частку кітайскага імпарту: паніжаныя стаўкі набудуць моц праз 30 дзён, пасьля падпісаньня пагадненьня. Бакі таксама дамовіліся стварыць мэханізмы вырашэньня гандлёвых спрэчак.
Увосень агенцтва Reuters падлічыла, што гандлёвая спрэчка паміж ЗША і Кітаем прывядзе да страты ЗША $ 200 млрд, а сусьветная эканоміка недалічыцца $ 850 млрд.