Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект у абарону ўйгураў у Кітаі


Уйгуры ў пераважна мусульманскім рэгіёне Сіньцзян, Кітай
Уйгуры ў пераважна мусульманскім рэгіёне Сіньцзян, Кітай

У Пэкіне гэтую заканадаўчую ініцыятыву ўжо назвалі «зламыснай атакай супраць Кітаю».

Палата прадстаўнікоў ЗША 3 сьнежня ўхваліла законапраект, які абавязвае адміністрацыю Трампа ўзмацніць ціск на Пэкін у сувязі з прыгнётам мусульман-уйгураў у Кітаі, паведамляе Reuters. За прыняцьце законапраекту прагаласавалі 407 заканадаўцаў, супраць быў усяго адзін голас.

Закон «Аб уйгурах»:

  • абавязвае прэзыдэнта ЗША асудзіць рэпрэсіі ў дачыненьні да ўйгураў і заклікаць Пэкін закрыць цэнтры масавага затрыманьня ўйгураў, арганізаваныя ў Сіньцзяне,
  • заклікае ўвесьці санкцыі супраць высокапастаўленых кітайскіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі (у дакумэнце называецца імя чальца палітбюро Камуністычнай партыі Кітаю Чэнь Цюаньго, які ўваходзіць у найвышэйшыя эшалёны кітайскай улады).

Цяпер дапоўнены законапраект павінны зноў разгледзець сэнатары, і ў выпадку ўхваленьня яго перададуць на подпіс прэзыдэнту ЗША. Афіцыйная пазыцыя Белага дому што да законапраекту пакуль невядомая.

Як адрэагаваў Кітай

МЗС Кітаю раніцай 4 сьнежня выпусьціў заяву з нагоды прыняцьця законапраекту. У Пэкіне ініцыятыву кангрэсмэнаў назвалі «зламыснай атакай супраць Кітаю» і «сур’ёзным умяшаньнем ва ўнутраныя справы» краіны.

«Мы заклікаем ЗША неадкладна выправіць сваю памылку, не дапусьціць ператварэньня сіньцзянскага законапраекту ў закон, спыніць выкарыстоўваць Сіньцзян у якасьці сродку для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Кітаю», — гаворыцца ў заяве МЗС Кітаю.

Уйгуры — цюрскі народ, пераважная большасьць прадстаўнікоў якога — больш за 10 мільёнаў — жывуць у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КІтаю і вызнаюць іслам.

Паводле праваабаронцаў Human Rights Watch і зьвестак ААН, апошнімі гадамі ў Кітаі масава і нярэдка беспадстаўна затрымліваюць уйгураў, зьмяшчаюць іх у турмы і выхаваўчыя лягеры. У кітайскіх цэнтрах масавага ўтрыманьня пад вартай цяпер знаходзяцца больш за мільён уйгураў і іншых прадстаўнікоў мусульманскіх меншасьцяў, якіх трымаюць там дзеля «ідэалягічнага перавыхаваньня». Праваабаронцы і былыя «выхаванцы» лягераў абвінавачваюць улады Кітаю ў катаваньнях, негуманных умовах утрыманьня людзей і парушэньнях базавых правоў чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG