«Прыйдзем да гэтага прыгожа». Лукашэнка дапусьціў, што будзе ствараць партыю

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На сустрэчы ў Акадэміі кіраваньня 18 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, як піша ягоная прэс-служба, «ня выключыў», што ў будучыні палітычныя партыі будуць мець большую ролю ў «парлямэнцкім жыцьці».

«Мы да гэтага яшчэ прыйдзем, але прыйдзем прыгожа, — расказаў Лукашэнка пра пашырэньне ролі партыяў. — Партыі гэтыя павінны сфармавацца. Новыя людзі, новыя ідэі. На іх падставе сфармуюцца і партыі. Такая мой пункт гледжаньня.

Але прымаю іншыя варыянты, вывучаю іх. І калі так здарыцца, што мне прыйдзецца займацца гэтым партыйным будаўніцтвам, хутчэй за ўсё, мы да гэтага падыходзім, я гэта рабіць буду. Гэта нармальны працэс, калі людзі бачаць розныя партыі, розных людзей, а не толькі адну асобу або некалькі чалавек. Прыйдзем мы да гэтага. Гэта важнае пытаньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціхі і спакойны, але актыўны і з бойкамі. Лукашэнка расказаў, які хоча парлямэнт

Пры тым у Беларусі існуе арганізацыя, якая падтрымлівае Лукашэнку і хоча стаць партыяй — «Белая Русь». Сам Лукашэнка называў «Белую Русь» «стаўпом грамадзянскай супольнасьці».

Ранейшы старшыня «Белай Русі» Аляксандар Радзькоў яшчэ ў 2016 годзе казаў, што ягоная арганізацыя гатовая трансфармавацца ў партыю. У студзені 2018 году прэс-сакратар арганізацыі казаў, што аб’яднаньне чакае дазволу Лукашэнкі, каб стаць партыяй. Але новы кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька пасьля зьезду ў студзені 2018 году заявіў, што «не насьпеў яшчэ час» станавіцца партыяй.

Ды «Белая Русь» — не адзіная праўладная арганізацыя, што ўдзельнічае ў палітычным жыцьці. Напрыклад, у выбарчыя камісіі накіроўваюць сваіх чальцоў разам зь «Белай Русьсю» БРСМ, Саюз жанчынаў, Саюз вэтэранаў, Фонд міру і Фэдэрацыя прафсаюзаў. Праўда, гэтыя арганізацыі і не плянавалі станавіцца партыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні раз новую партыю ў Беларусі зарэгістравалі 20 гадоў таму. Што могуць спрасьціць у працэдуры рэгістрацыі

Цяпер у Беларусі 15 зарэгістраваных партыяў, а новых не рэгістравалі 20 гадоў. У цяперашняе скліканьне Палаты прадстаўнікоў ад апазыцыйнай партыі трапіла толькі адна дэпутатка — Ганна Канапацкая, якая балятавалася ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (але нядаўна спыніла сяброўства ў партыі). З праўладных партыяў туды прайшлі 8 дэпутатаў ад Камуністычнай партыі, па тры ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці і Беларускай патрыятычнай партыі, адзін ад Лібэральна-дэмаратычнай партыі. А чальцоў «Белай Русі» там больш за чальцоў усіх партыяў разам узятых — 68 дэпутатаў са 110 магчымых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мы калісьці сыдзем. Ня так далёка гэты час»