Бацькі вучняў школы «настаўніцы з партай» выйшлі падтрымаць дырэктарку. ВІДЭА
Бацькі вучняў гомелськай школы №15 выйшлі падтрымаць дырэктарку, якой пагражае звальненьне пасьля скандалу з «настаўніцай з партай»
Бацькі вучняў гомельскай школы №15, дзе настаўніца Людміла Чацьвярткова лаялася матам на вучня, замахвалася на яго партай і пагражала забіць, удзень 19 верасьня выйшлі на стыхійны сход перад будынкам установы, каб абараніць дырэктарку школы Марыну Чарненку.
Да журналістаў перад гэтым выйшаў начальнік абласнога ўпраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і абвясьціў, што дырэктарку школы №15 ніхто не звальняў, яна працуе, «выконвае свае функцыянальныя абавязкі». Да журналістаў выходзіла і сама «настаўніца з партай» Людміла Чацьвярткова, але адмовілася даваць камэнтары, бо «моцна стомленая».
Каля 30 бацькоў дамовіліся выйсьці на сход праз бацькоўскую групу ў мэсэнджэры Viber. На ганку школы яны расказалі, што падрыхтавалі пэтыцыю і зьбіраюць подпісы ў абарону звольненай дырэктаркі.
Бацькі аднагалосна выказваюцца за тое, каб кіраўніцу пакінулі на пасадзе: кажуць, яна вельмі добрая, дбае пра школу і школьнікаў, рамонт. Дадаюць, што пры ёй школа зьмянілася да лепшага ў матэрыяльным і адукацыйным пляне. Бацькі запэўніваюць, што, калі спатрэбіцца, дойдуць да Лукашэнкі.
Пад школай яны таксама агучылі шэраг праблемаў з адукацыяй у Навабеліцкім раёне Гомлі: школа №15 заплянаваная на 800 вучняў, а вучацца там 1800 чалавек. Школа перапоўненая, у клясах бывае больш за 30 вучняў, а ў настаўнікаў вялікая нагрузка. Побач пабудавалі два новыя мікрараёны — там абяцалі пабудаваць і школы, але не збудавалі.
Да школы прыйшлі прадстаўнікі гарвыканкаму і абласнога ўпраўленьня адукацыі. Часта бацькоў пайшла на перамовы ў будынак школы. Ды перамовы скончыліся нічым: бацькі выйшлі са сьлязьмі ад дырэктаркі са словамі: «Нам сказалі разыходзіцца». І ўсе адразу разышліся.
«Вось і ўсё. Як заўседы ўсё ў нас», — сказаў адзін з бацькоў.