Лукашэнка заявіў, што «Тэслу» яму падарыў сам Ілан Маск

Ілан Маск, архіўнае фота

На відэа дзяржаўнага тэлеканалу СТВ з адкрыцьця менскай школы, дзе Аляксандар Лукашэнка 2 верасьня «праводзіў урок», паказалі ўрывак прамовы кіраўніка дзяржавы, дзе ён казаў пра аўтамабіль маркі Tesla.

«У мяне ёсьць электрычная машына „Тэсла“, я часам яе тэстую, — расказаў Аляксандар Лукашэнка. — Маск падараваў. Убачыў мяне на матацыкле, „слухай, ён у вас на двухколавым езьдзіць“. Ёсьць самы любімы матацыкл мой — наш, менскі робіць завод — добрая штука. Вядома, ён не ляціць 180, як „Тэслы“, але вельмі прыемна. Я цябе ў гэтым падтрымліваю, і мы ўсё больш будзем пераходзіць на электрамабілі».

Верагодна, Лукашэнка меў на ўвазе Ілана Маска — заснавальніка аўтамабільнай кампаніі Tesla (а таксама касьмічнай кампаніі SpaceX, плацёжнай сыстэмы PayPal і іншых прадпрыемстваў).

Праўда, Маск не рабіў публічных візытаў у Беларусь або публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, а таксама ніяк ня згадваў Беларусь і Лукашэнку ў сацсетках. На запыт Свабоды і шэрагу іншых СМІ праз Twitter, ці сапраўды ён падараваў Лукашэнку аўтамабіль Tesla, на момант публікацыі Ілан Маск не адказаў.

Калі і адкуль у Лукашэнкі зьявілася «Тэсла», раней не абвяшчалася. Хаця Лукашэнка расказваў, напрыклад, што «Майбах» яму падарылі на дзень народзінаў, а прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі казала, што расейскі алігарх Ігар Макараў падарыў яму ровар.

У 2017 годзе Лукашэнка ўжо зрабіў адну сумнеўную заяву адносна сваёй «Тэслы»: ён расказаў, як разагнаўся на ёй да 280 км/гдз, у той час як максымальная хуткасьць Tesla Model S P100D — 250км/гдз. Цяпер Лукашэнка казаў ужо пра значна меншую хуткасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка распавёў, як разагнаўся на Tesla да 280 км/гдз. А яна можа толькі 250
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ровар, «Майбах», карова, шапка... Што дарылі Лукашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў заявіў пра «150 тысяч мігрантаў» і пастаўкі зброі з Украіны ў Беларусь. Чаму гэта няпраўда