Старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Камітэт салдацкіх маці» Галіна Чыгрынава падтрымлівае новыя зьмены ў закон аб адтэрміноўках. Кажа, што яе меркаваньне грунтуецца на размовах з салдатамі, іх семʼямі і камандзірамі.
Паводле новых зьменаў, атрымаць адтэрміноўку для вучобы цяпер можна будзе толькі адзін раз. Чыгрынава згадвае савецкія часы, калі хлапцоў-студэнтаў адразу забіралі ў войска, і кажа, што такія захады беларускага Міністэрства абароны «самыя бяскрыўдныя».
«Калі чалавек паступіў у ВНУ, яму ж даюць адну адтэрміноўку, даюць магчымасьць абараніць дыплём, нават не перапыняючы вучобу. Калі ў юнака ёсьць мэта, калі ў яго разумная галава, — ён усё адно і пасьля войска атрымае адукацыю, скончыць і магістратуру, і асьпірантуру. І ніякай трагедыі я ня бачу ў тым, што пасьля ВНУ чалавек адслужыць адзін год у войску», — перакананая старшыня Камітэту салдацкіх маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар адукацыі лічыць магістратуру неабавязковай ступеньню адукацыіЯна наракае, што цяпер прэстыж службы ў войску слабы. «Калі я прыяжджаю ў вайсковую частку, пытаюся: „Хлопцы, а хто ішоў служыць па жаданьні, падыміце рукі“. Рук няма. Усе яны ішлі ў войска па прымусе, па неабходнасьці, паводле абавязку. Значыць, армія — не прывабная», — кажа Галіна Чыгрынава. І заклікае рабіць усё, каб служба ў войску стала прэстыжнай, і пашырыць ільготы тым, хто адслужыў.
Пры гэтым Чыгрынава выступае за тое, каб скараціць тэрмін службы з 1,5 да 1 году.
«Канечне, гэта нагрузка на афіцэрскі склад. Але калі ўсё прадумаць, арганізавацца, усё аптымальна выбудаваць — можна за 1 год навучыць салдат таму, чаму зараз вучаць паўтара года», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Анісім: Усім будзе лепш, калі студэнт адслужыць пасьля першага курсуСпасылаючыся на словы камандзіраў, Галіна Чыгрынава кажа, што цяжэй служыць 23–25-гадовым маладым людзям, асабліва тым, каго выхоўвала адна маці ці маці і бабуля. Нібыта яны самыя непрыстасаваныя ў жыцьці.
«Так што служба зробіць з інфантыльных маладых людзей самастойных і здольных абслужыць сябе, а таксама пастаяць за сябе», — мяркуе яна.
А вось служыць, паводле Галіны Чыгрынавай, мусяць усе. У гэтым і ёсьць «сацыяльная справядлівасьць». Каб усе змаглі выканаць свой абавязак, яна прапануе пашыраць віды і армейскай, і альтэрнатыўнай службы.
«Калі хлопец падрыхтаваны, адукаваны, таленавіты, мазгі ў яго вараць, ён валодае кампутарам, шмат ведае — трэба выкарыстоўваць яго па прызначэньні, накіроўваць у адмысловыя часьці, кшталту ІТ-роты.
А калі ён няздольны ці мае здароўе слабое — няхай шые абмундзіраваньне, працуе санітарам у шпіталі. Ім трэба зусім няшмат даваць баявой падрыхтоўкі, бо яны не асвояць складаную вайсковую тэхніку, якая ёсьць, да прыкладу, у Печах у вучэбным цэнтры, дзе вельмі складаная праграма», — мяркуе старшыня Камітэту салдацкіх маці Галіна Чыгрынава.