10 учынкаў і заяваў Уладзіміра Зяленскага, якія зьдзівілі, расьсьмяшылі і насьцярожылі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Сёньня ва Ўкраіне вызначальны дзень. На парлямэнцкіх выбарах вырашыцца пытаньне, ці ўдасца новаабранаму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму сфармаваць уладу са сваіх аднадумцаў і завершыць транзыт улады, які распачаўся з прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта ад гэтага фактару будзе залежаць далейшы кірунак руху краіны — працяг рэфармаваньня, эўрапейскай і паўночнаатлянтычнай інтэграцыі ці замарожваньне гэтых працэсаў.

Свабода сабрала найбольш рэзанансныя заявы і ўчынкі Ўладзіміра Зяленскага, зробленыя ім за 63 дні свайго прэзыдэнцтва.

Да поўнай перазагрузкі ўлады

Сваю рашучасьць на поўную зьмену ўлады і намер атрымаць кантроль над урадам Уладзімір Зяленскі прадэманстраваў ужо ў сваёй інаўгурацыйнай прамове, калі заявіў пра роспуск Вярхоўнай Рады і прапанаваў усім чальцам Кабінэту Міністраў напісаць заявы аб звальненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад сёньня мы ўсе прэзыдэнты». Самае важнае з прэзыдэнцкай прамовы Зяленскага

«Я вельмі вас прашу прыняць закон аб скасаваньні дэпутацкай недатыкальнасьці, закон аб крымінальнай адказнасьці за незаконнае ўзбагачэньне, шматпакутны Выбарчы кодэкс. І зрабіце, калі ласка, адкрытыя сьпісы. Таксама я прашу вас вызваліць ад пасад кіраўніка Службы бясьпекі, генэральнага пракурора, міністра абароны. Гэта далёка ня ўсё, што вы можаце зрабіць, але для пачатку дастаткова. На гэта ў вас ёсьць два месяцы. Зрабіце гэта і павесьце мэдалі сабе. Някепскія балы на датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Я распускаю Вярхоўную Раду восьмага скліканьня».

Пасьля гэтага парлямэнт і Ўладзімір Зяленскі абмяняліся некалькімі ўзаемнымі ўдарамі: Вярхоўная Рада адмовілася звальняць міністра замежных спраў, кіраўніка СБУ, генэральнага пракурора і міністра абароны, а таксама разглядаць прэзыдэнцкія законапраекты. Высьветлілася, што Зяленскі замест адкрытых сьпісаў на парлямэнцкіх выбарах прапанаваў ухваліць закон аб прапарцыйнай сыстэме выбараў з закрытымі сьпісамі і скасаваньні мажарытарнага складніка — пры такіх умовах, улічваючы вялікую падтрымку, партыя ўлады «Слуга народу» па выніках выбараў магла аднаасобна сфармаваць усе органы выканаўчай улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны назавуць зарэгістраваных кандыдатаў. Што варта ведаць пра выбары

Каб выключыць магчымасьць уплыву папярэдняй улады на выбары, Уладзімір Зяленскі замяніў каля сотні кіраўнікоў раённых і абласных дзяржаўных адміністрацый. Цяпер ягоная каманда ініцыюе правядзеньне датэрміновых мясцовых выбараў, што, на думку экспэртаў, можа фактычна заблякаваць распачаты чатыры гады таму працэс дэцэнтралізацыі. Гэтую рэформу ва Ўкраіне лічаць адной з самых пасьпяховых.

Амаль як Лукашэнка

Жаданьне Ўладзіміра Зяленскага хутка навесьці парадак у краіне, выкарыстоўваючы той мінімум паўнамоцтваў, які мае прэзыдэнт згодна з Канстытуцыяй, усё часьцей ва Ўкраіне выклікае параўнаньне з Аляксандрам Лукашэнкам — ён не падбірае слоў для ацэнкі дзейнасьці чыноўнікаў, «узнагароджваючы» іх званьнем «бандыта». Так было падчас ягоных рэгіянальных паездак — у Кіеўскую, Запароскую і Мікалаеўскую вобласьці.

Пасьля такіх размоў прадстаўнікам мясцовай улады застаецца толькі або звальняцца па ўласным жаданьні, як у выпадку з кіраўніком Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Вячаславам Бонем, або падаваць пазоў у суд супраць прэзыдэнта для абароны сваёй годнасьці, як у выпадку з сакратаром Барыспальскай гарадзкой рады Яраславам Гадунком.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнік, якога Зяленскі выгнаў з нарады, абяцае падаць у суд

Адметна таксама, што, напрыклад, калішні амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны, які таксама вылучыўся кандыдатам у дэпутаты на мажарытарнай акрузе, са сродкаў масавай інфармацыі даведаўся пра сваё прызначэньне ў менскую Трохбаковую кантактную групу для перамоваў аб урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Але за дзень да паездкі ў Менск ён усё ж сустрэўся з прэзыдэнтам Зяленскім.

Ці падабаецца Зяленскаму параўнаньне з Лукашэнкам, невядома, але актывісты называюць такі стыль звычайным хамствам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі прапанаваў звольніцца кіраўніку вобласьці з «бандыцкай» сталіцай. ВІДЭА

Люстрацыя папярэднікаў

Уладзімір Зяленскі ў сваёй дзейнасьці спрабуе не абмяжоўвацца толькі сваімі паўнамоцтвамі «звальняць і прызначаць».

На піку выбарчай кампаніі ён заявіў аб неабходнасьці на заканадаўчым узроўні забараніць палітычную дзейнасьць і ўдзел у кіраваньні краінай усім высокапастаўленым прадстаўнікам улады — экс-прэзыдэнту Пятру Парашэнку, дэпутатам Вярхоўнай Рады, міністрам, кіраўнікам Службы бясьпекі, іншых дзяржаўных структур і абаронных прадпрыемстваў, якія займалі пасады ад 23 лютага 2014 да 19 траўня 2019 году, то бок пасьля Эўрамайдану.

«Нас абвінавачваюць, што мы хочам скасаваць люстрацыю. Каб усе зразумелі, што мы не зьбіраемся скасоўваць люстрацыю, мы прапануем яе ўзмацніць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі хоча люстрацыі высокапастаўленых чыноўнікаў часоў Парашэнкі

Неўзабаве Канстытуцыйны суд мусіць вынесьці вэрдыкт аб адпаведнасьці Канстытуцыі закону аб ачышчэньні ўлады, ухваленаму ў 2014 годзе — ён забараняе займаць дзяржаўныя пасады былым прадстаўнікам улады пры прэзыдэнту Віктару Януковічу.

Люстрацыйная ініцыятыва Зяленскага выклікала абурэньне ня толькі ва ўкраінскіх грамадзян, але і непакой у галоўных міжнародных і бізнэсовых партнэраў Украіны.

У выніку рэалізацыі гэтай ініцыятывы забарона на палітычную дзейнасьць і ўдзел у кіраваньні краінай закране і большую колькасьць сёньняшніх прызначэнцаў Уладзіміра Зяленскага.

Ілюстрацыйнае фота. Уладзімір Зяленскі падчас візыту ў Адэсу. 13 ліпеня 2019 году

Каму бізун, каму пернік

Пад гнеў новаабранага прэзыдэнта ўжо двойчы трапіў і мэр Кіева Віталь Клічко.

Спачатку Ўладзімір Зяленскі заявіў пра намер разьдзяліць пасады кіраўніка Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі і мэра Кіева (цяпер, згодна з Канстытуцыяй і законам аб сталіцы Ўкраіны, гэтыя функцыі сумяшчае выбраны на мясцовых выбарах мэр). Пры такім падзеле прэзыдэнт зможа прызначыць свайго кіраўніка кіеўскай адміністрацыі. У 2013 годзе такую формулу кантролю над Кіевам на час свайго прэзыдэнцтва ўводзіў Віктар Януковіч, што, па сутнасьці, звузіла паўнамоцтвы самакіраваньня ў сталіцы.

А ў часе паездкі ў Дніпро Ўладзімір Зяленскі ўчыніў публічную тэлефонную спрэчку зь Віталем Клічко пасьля таго, як кіраўніцтва аднаго зь мясцовых прадпрыемстваў паскардзілася прэзыдэнту на запазычанасьць Кіева за пастаўлены трамвай.

«Яны выканалі замову, а грошай людзі не атрымалі. Яны зьвярнуліся да мяне як да прэзыдэнта. Я тэлефаную вам. А наконт таго, як выкарыстоўваць айчынных вытворцаў, якія зьяўляюцца для нас прыярытэтам, мы пагаворым з вамі асобна», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Мэру Дніпра Барысу Філатаву, былому партнэру ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага, пашанцавала больш — ён пайшоў у заклад з прэзыдэнтам аб тым, што ў выпадку несвоечасовага рамонту моста ў горадзе сам напіша заяву аб звальненьні.

Перанос адміністрацыі

Адразу пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімір Зяленскі заявіў аб намеры перанесьці Адміністрацыю прэзыдэнта ў іншы будынак, а ў цяперашнім абсталяваць музэй.

Найперш, праўда, зьмянілі назву структуры, якая арганізоўвае дзейнасьць кіраўніка дзяржавы (цяпер гэта Офіс прэзыдэнта). І агучылі пляны пераехаць ва Ўкраінскі дом, што на Эўрапейскай плошчы ў Кіеве. У савецкія часы тут разьмяшчаўся музэй Леніна, і будаваўся ён якраз з гэтай мэтай.

Бег праз фантан

Сваю першую паездку ў рэгіёны ў статусе прэзыдэнта Ўладзімір Зяленскі ажыцьцявіў у Марыюпаль. У сярэдзіне чэрвеня там адзначалі 5-ю гадавіну вызваленьня гораду ад прарасейскіх сілаў. З гэтай нагоды там адбыўся вайсковы парад і канцэрт з удзелам студыі «Квартал 95» — былых калег цяперашняга прэзыдэнта.

Пасьля свайго выступу на ўрачыстасьцях Зяленскі спачатку перамясьціўся да мясцовага тэатра, а потым нечакана для ўсіх пабег праз фантан. За ім вымушаныя былі бегчы і целаахоўнікі, а потым нечаканы флэш-моб прэзыдэнта са сьмехам падтрымалі і мясцовыя жыхары.

Замест параду ў Кіеве — па тысячы грыўняў вайскоўцам

Найбольшую крытыку з боку палітыкаў, грамадзкіх актывістаў, экспэртаў і выбарнікаў выклікала заява Ўладзіміра Зяленскага аб скасаваньні традыцыйнага вайсковага параду на Дзень Незалежнасьці.

Прэзыдэнт прапанаваў патраціць грошы, патрэбныя для правядзеньня параду, на дадатковыя выплаты вайскоўцам. Як падлічылі экспэрты, кожны вайсковец у такім выпадку зможа аднаразова атрымаць толькі адну тысячу грыўняў (менш за 40 даляраў у эквіваленце).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны адмяніў вайсковы парад у Дзень незалежнасьці

Урад прапанаваў прэзыдэнту павялічыць грашовае ўтрыманьне вайскоўцаў з адначасовым правядзеньнем параду. Аднак Уладзімір Зяленскі пакуль сваё рашэньне не перагледзеў.

Тым часам шэраг грамадзкіх арганізацыяў стварылі арганізацыйны камітэт і пачалі падрыхтоўку да альтэрнатыўнага недзяржаўнага параду «Марш няскораных». У шэсьці на Храшчаціку возьмуць удзел вэтэраны баявых дзеяньняў на Данбасе, бацькі герояў, палеглых на фронце і ў выніку падзей на Майдане ў 2014 годзе, мэдыкі, валянтэры, капэляны. Плянуецца асобна сфармаваць і транспартную калёну — актывісты заклікаюць далучыцца да акцыі ўласьнікаў мэдыцынскай і аўтамабільнай тэхнікі, пры дапамозе якой на Данбасе ратавалі параненых.

Апошні раз вайсковы парад у сувязі «са складанай сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй» быў скасаваны ў часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча.

Насустрач Алімпіядзе

Адзначаючы дзяржаўнымі ўзнагародамі ўкраінскіх спартоўцаў, якія сталі прызэрамі ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску, і футбалістаў юнацкай зборнай Украіны, якая перамагла на чэмпіянаце сьвету ў Польшчы, Уладзімір Зяленскі заявіў пра новую амбіцыю — правесьці Алімпіяду ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заклікаў рыхтавацца да Алімпіяды ва Ўкраіне

«Нам патрэбен пэўны плян: мы, скажам, гатовыя за 3-4 гады ўсе пабудаваць, і тады можам быць у чарзе і прыняць Алімпіяду. Мы павінны быць амбіцыйнымі», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Але гэтая ідэя таксама ня новая — аб правядзеньні Алімпіяды ва Ўкраіне ў часе свайго прэзыдэнцтва таксама марыў Віктар Януковіч.

Агітацыя на Tesla

Паводле Канстытуцыі Ўкраіны, прэзыдэнт ня можа ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі ў часе парлямэнцкіх выбараў. Але Зяленскі і ў гэтым прадэманстраваў крэатыўнасьць.

За некалькі дзён да выбараў ён апублікаваў відэазварот, запісаны за стырном амэрыканскага аўтамабіля Tesla:

«Што тычыцца парлямэнцкай гонкі, я думаю, што палітычная партыя, да якой я вельмі добра стаўлюся, безумоўна, выйграе, і мы толькі тады зможам зрабіць нармальны парлямэнт і падабраць ва ўрад спэцыялістаў», — сказаў Зяленскі, заклікаючы электарат уважліва галасаваць на выбарах, каб выпадкова не аддаць свой голас за «махляроў», якія выкарыстоўваюць брэнд партыі «Слуга народу», але ня зьяўляюцца яе сябрамі.

Парлямэнт распушчаны, але мусіць працаваць

Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне ўкраінскага парлямэнту, 2019 год

​За тры дні да выбараў Уладзімір Зяленскі ініцыяваў пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады для ўхваленьня тэрміновых законапраектаў, якія, паводле яго, мусяць разблякаваць дзейнасьць Антыкарупцыйнага суду, урэгуляваць працэдуру канфіскацыі незаконных актываў і адтэрмінаваць штрафныя санкцыі за несвоечасовае размытненьне так званых «эўрабляхаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне «эўрабляхеры» часткова заблякавалі рух грузавікоў на мяжы зь Беларусьсю

Большасьць экспэртаў перакананыя, што такім чынам прэзыдэнт ня толькі чарговы раз дыскрэдытуе парлямэнт, але і спрабуе дадаткова мабілізаваць электарат для перамогі на выбарах, і найперш сярод уласьнікаў аўтамабіляў з эўрапейскімі нумарамі, якія ад 2016 году пэрыядычна ладзілі акцыі пратэсту з патрабаваньнямі зьменшыць падаткі пры ўвозе ўжываных машын з Эўропы і спрасьціць працэдуру іх легалізацыі.

Пасьля двух гадоў перамоў з пратэстоўцамі Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон аб зьніжэньні падаткаў. Але 23 траўня скончыўся тэрмін ільготнага размытненьня аўтамабіляў з эўрапейскімі нумарамі. І цяпер іхныя ўласьнікі зноў незадаволеныя.

Прагназавана старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій адмовіўся склікаць дэпутатаў праз адсутнасьць прававых падстаў — пазачарговыя паседжаньні можна склікаць толькі ў неадкладных выпадках між пленарнымі паседжаньнямі адной сэсіі, а апошняя сэсія была ўжо закрыта 12 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы едуць назіраць за ўкраінскімі выбарамі, расейцы — не