Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы едуць назіраць за ўкраінскімі выбарамі, расейцы — не


Архіўнае фота. На выбарчым участку падчас галасаваньня на мінулых парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, 2014 год

21 ліпеня ва Ўкраіне адбудуцца пазачарговыя парлямэнцкія выбары, пасьля якіх завершыцца перафарматаваньне цэнтральнай улады.

Назіраць за імі запрошаныя 8 беларускіх грамадзян. Палова запрашэньняў прыпадае на Беларускі Хэльсынскі камітэт, сказаў Свабодзе супрацоўнік БХК Дзьмітры Чарных.

«Мы зьяўляемся сябрамі ENEMO (Эўрапейская сетка па назіраньні за выбарамі). Таму нам прапанавалі чатыры месцы ў складзе ейнай групы кароткатэрміновых назіральнікаў».

Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Максім Місько будзе знаходзіцца ва Ўкраіне ў складзе назіральнай місіі АБСЭ.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі атрымала ад сваіх украінскіх калегаў два запрашэньні. Імі скарыстаюцца сябры ЦВК Сяргей Каліноўскі і Ігар Плышэўскі. А супрацоўнік Цэнтравыбаркаму Глеб Хмялёў ужо працуе ва Ўкраіне ў складзе місіі назіральнікаў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ.

Рэгістрацыя назіральнікаў на выбары скончылася 15 ліпеня. Паводле ЦВК Украіны, зарэгістраваныя 1719 афіцыйных назіральнікаў. Зь іх 1602 ад 22 міжнародных арганізацый і 117 ад 12 замежных краін.

Расейцаў назіраць не пусьцілі

«12 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі 17 афіцыйных назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Гэта грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Закону Ўкраіны „Аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі па забесьпячэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласьцях“ „ня могуць быць афіцыйнымі назіральнікамі“», — адзначылі ў ЦВК.

Паводле ўкраінскага заканадаўства Расея — краіна-агрэсар, якая анэксавала Крым і пачала вайну на Данбасе.

Не назіралі расейцы і за прэзыдэнцкімі выбарамі, якія прайшлі сёлета ва Ўкраіне ў сакавіку і красавіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG