Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна скасавала запрашэньне назіральнікам ПАРЭ на выбары ў Раду


Сьцягі Ўкраіны і Эўразьвязу ля будынка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў Кіеве
Сьцягі Ўкраіны і Эўразьвязу ля будынка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў Кіеве

Сьпікер Вярхоўнай рады Ўкраіны Андрэй Парубій адмяніў запрашэньне для назіральнікаў Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы на датэрміновыя парлямэнцкія выбары, якія пройдуць ва Ўкраіне 21 ліпеня.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў старшыня ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЭ, дэпутат фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Ўладзімір Ар’еў.

На мінулым тыдні Ўкраіна прыпыніла працу сваёй дэлегацыі ў ПАРЭ і адклікала амбасадара пры Радзе Эўропы на знак пратэсту супраць вяртаньня паўнамоцтваў расейскай дэлегацыі, якая раней была пазбаўленая права голасу за анэксію Расеяй Крыму і за падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе. За аднаўленьне сяброўства Расеі ў асамблеі прагаласавалі 116 дэпутатаў, супраць — 62.

Бліжэйшы паплечнік прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, старшыня партыі «Слуга народу» Дзьмітры Разумкоў назваў выхад украінскай дэлегацыі з ПАРЭ немэтазгодным. Акрамя таго, ён заявіў, што рашэньню аб вяртаньні паўнамоцтваў Расеі папярэднічала, у прыватнасьці, бязьдзейнасьць з боку Ўкраіны.

У аўторак стала вядома, што Расея заплаціла ў бюджэт Рады Эўропы ўнёскі за свой удзел у ёй за 2019 год, чаго не рабіла ад 2017 году — пасьля абмежаваньня ў правах сваёй дэлегацыі ў ПАРЭ.

Сума доўгу Расеі за тры гады — каля 85 мільёнаў эўра. Адным з патрабаваньняў Рады Эўропы ў абмен на аднаўленьне правоў расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ застаецца пагашэньне гэтага доўгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG