Сэрыя твітаў прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа, якая зьявілася раніцай 14 ліпеня, была расцэненая крытыкамі як расісцкая і ксэнафобская, выклікала новыя спрэчкі ў амэрыканскім грамадзтве, расказвае «Голас Амэрыкі».
Кажучы пра жанчынаў-заканадаўцаў, якія належаць да прагрэсіўнага крыла Дэмакратычнай партыі, Трамп заклікаў іх «вярнуцца» ў краіны, адкуль яны прыехалі, і дапамагчы выправіць тыя «заражаныя злачыннасьцю» дзяржавы. Пры тым з чатырох згаданых у твітах толькі адна нарадзілася за межамі ЗША, у Самалі.
Белы дом не адказаў на пытаньне «Голасу Амэрыкі» пра тое, ці ведаў прэзыдэнт да публікацыі твітаў, што тры з чатырох згаданых ім жанчын — грамадзянкі ЗША па праве нараджэньня.
Прадстаўнікі «прагрэсіўнага крыла» Дэмакратычнай партыі ўступалі ў палеміку са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі аб іміграцыйнай палітыцы і іншых праблемах. Твіты Трампа зьявіліся прыкладна праз 20 хвілінаў пасьля рэпартажу пра іх на тэлеканале Fox News.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША праходзяць рэйды супраць мігрантаў без дакумэнтаўІльган Амар, архіўнае фота
Ільган Амар — дэпутатка родам з Самалі і адна зь дзьвюх першых жанчын-мусульманак у Кангрэсе. Яна нярэдка становіцца аб’ектам крытыкі Fox News, у тым ліку ў сувязі зь ейнай крытыкай Ізраілю і выказваньнямі, якія расцэньваюць як антысэміцкія.
На заявы Трампа яна адказала, што ЗША — адзіная краіна, якой прысягаюць чальцы Кангрэсу. Яна дадала, што менавіта таму хоча абараніць Штаты ад «найгоршага, самага карумпаванага і няўмелага прэзыдэнта».
Нэнсі Пэласі ў сваю чаргу назвала выказваньні Трампа ксэнафобскімі і скіраванымі на раскол краіны. Яна заявіла, што для Трампа лёзунг «Зробім Амэрыку зноў вялікай» значыць «Зробім зноў белай».