Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар працы ЗША сышоў у адстаўку пасьля рэзкай крытыкі ў прэсе


Аляксандар Акоста абвяшчае аб адстаўцы ў прысутнасьці прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа

Міністар працы ЗША Аляксандар Акоста абвясьціў пра сваю адстаўку. Рашэньне стала вынікам рэзкай крытыкі міністра ў прэсе за тое, што калі быў пракурорам, ён мякка паставіўся да мільярдэра Джэфры Эпштэйна, абвінавачанага ў гвалтаваньні непаўналетніх.

Адстаўку прыняў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, пры гэтым высока ацаніўшы працу Акоста як міністра працы. Паведамленьне аб адстаўцы Акоста было нечаканым, таму што днём раней Трамп выказваў міністру працы падтрымку.

Даўні эпізод у прафэсійнай біяграфіі Акоста прыцягнуў увагу СМІ пасьля таго як 6 ліпеня амэрыканскі мультымільянэр і фінансіст Джэфры Эпштэйн быў арыштаваны ў сувязі з абвінавачваньнямі ў датычнасьці да сэксуальных злачынстваў. Супраць Эпштэйна былі вылучаныя таксама абвінавачваньні ў гандлі людзьмі.

У 2008 годзе Эпштэйну былі прад’яўленыя падобныя абвінавачваньні ў Флорыдзе, дзе Акоста працаваў фэдэральным пракурорам. Справа тады завяршылася дасудовым пагадненьнем пракуратуры і Эпштэйна. Яму давялося зарэгістравацца як сэксуальнаму злачынцу, выплаціць кампэнсацыю ахвярам і правесьці 13 месяцаў у акруговай турме, хоць ён мог падчас зьняволеньня выходзіць на працу 6 дзён на тыдзень.

Крытыкі міністра абвінавацілі яго ў тым, што пакараньне было мяккім для абвінавачанага. На прэс-канфэрэнцыі 11 ліпеня Акоста паспрабаваў растлумачыць, што гэта быў найбольш рэалістычны спосаб пакараньня Эпштэйна, інакш багаты чалавек мог наогул пазьбегнуць расплаты. Аднак тлумачэньні выклікалі новую хвалю крытыкі ў прэсе.

Акоста таксама раскрытыкавалі за тое, што было засакрэчана палажэньне пагадненьня аб тым, што Эпштэйн ня трапіць пад крымінальны перасьлед па высунутых абвінавачваньнях. У лютым фэдэральны судзьдзя заявіў, што пракуроры парушылі правы ахвяраў, захаваўшы пагадненьне ў таямніцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG