Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнік Абамы заявіў, што Трамп падрывае пазыцыі ЗША ў сьвеце


Дональд Трамп (зьлева) і Джо Байдэн (фотамантаж)

Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, галоўны прэтэндэнт на намінацыю ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі, назваў дзеяньні Дональда Трампа на сусьветнай арэне непрадказальнымі і экстрэмальнымі.

Выступаючы перад студэнтамі ў Нью-Ёрку ў ходзе перадвыбарнай кампаніі, Байдэн заявіў, што Трамп падарваў рэпутацыю Амэрыкі, а таксама глябальнае лідэрства ЗША ў сьвеце.

Сярод вылучаных супраць Трампа Байдэнам абвінавачваньняў — адмова Злучаных Штатаў падпісваць Парыскае пагадненьне па барацьбе з пацяпленьнем, дэнансацыя ядзернага пагадненьня з Іранам, выхад з транс-ціхаакіянскага гандлёвага пагадненьня, а таксама заявы прэзыдэнта аб магчымасьці выхаду ЗША з NATO.

Байдэн раскрытыкаваў Трампа за адмову ад кіроўнай ролі ЗША ў сьвеце і заявіў, што неабходныя калектыўныя дзеяньні для процідзеяньня пагрозам, зьвязаным са зьмяненьнем клімату, распаўсюджваньнем ядзернай зброі, тэрарызмам і кібэрвойнамі.

У выпадку абраньня яго прэзыдэнтам, Байдэн паабяцаў вывесьці большасьць амэрыканскіх войскаў з Аўганістану, пакласьці канец амэрыканскай падтрымцы ваеннай кампаніі Саудаўскай Арабіі ў Емэне і пацьвердзіць абавязацельствы ЗША па NATO. Безумоўная падтрымка бясьпекі Ізраілю таксама ўваходзіць у пералік прыярытэтаў зьнешняй палітыкі кандыдата, у гэтым пункце пазыцыі Байдэна і Трампа сыходзяцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG