Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы віцэ-прэзыдэнт Байдэн будзе змагацца за намінацыю ў прэзыдэнты ЗША


Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвесьціць на наступным тыдні аб вылучэньні сваёй кандыдатуры на пост прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі, паведамілі людзі ў асяродзьдзі былога віцэ-прэзыдэнта.

Паводле апытаньняў, у 76-гадовага Байдэна самы высокі рэйтынг сярод 18 дэмакратаў, ужо якія абвясьцілі аб намеры змагацца за прэзыдэнцтва, паведамляе руская служба Радыё Свабода.

76-гадовы амэрыканскі палітык ад Дэмакратычнай партыі балятаваўся раней на пост, але выбываў з гонкі яшчэ на раньніх стадыях сваіх кампаній. У 1988 году Байдэн сутыкнуўся з абвінавачваньнямі ў плягіяце, а ў 2008 годзе ён адмовіўся ад далейшага ўдзелу пасьля паразы на першасным галасаваньні ў штаце Аёва. У тым жа 2008 годзе, аднак, Барак Абама, які стаў кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, выбраў Байдэна як кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты. Ён заставаўся на гэтай пасадзе два прэзыдэнцкія тэрміны Барака Абамы.

Сярод якасьцяў, якія вылучаюць Байдэна ў групе прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую намінацыю Дэмакратычнай партыі — яго вопыт заканадаўца і экспэрта па зьнешняй палітыцы. Байдэн упершыню быў абраны сэнатарам ад штата Дэлавэр ў Верхняй палаце Кангрэсу ў 1973 годзе, да таго, як яму споўнілася 30 гадоў, і з таго часу шматкроць пераабіраўся. У 2013 годзе яго старэйшаму сыну быў пастаўлены дыягназ «рак мозгу», што прымусіла Байдэна адмовіцца ад магчымага вылучэньня сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты, што адкрыла дарогу да намінацыі Гілары Клінтан. Адначасова Байдэн заклаў аснову для актыўнага палітычнага жыцьця пасьля Белага дома. Ён стварыў цэнтры па вывучэньню зьнешняй і ўнутранай палітыкі ў двух унівэрсытэтах, а таксама заснаваў фонд па барацьбе з ракам.

Нечаканая перамога Трампа дала магчымасьць Байдэну зноў уключыцца ў палітычнае жыцьцё. Ён стаў заўзятым крытыкам адміністрацыі Трампа, асабліва ў галіне зьнешняй палітыкі. Байдэн актыўна агітаваў на карысьць дэмакратычных кандыдатаў падчас прамежкавых выбараў у Кангрэс у 2018 годзе.

Па паведамленнях СМІ, штаб Байдэна бачыць два асноўных перашкоды для яго прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году — эмацыйны стан былога віцэ-прэзыдэнта пасьля сьмерці яго старэйшага сына, а таксама вылучэньне новай, маладой хвалі палітычных лідэраў унутры Дэмакратычнай партыі.

У паслужны сьпіс Байдэна ўваходзіць закон аб барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын, забарона на аўтаматычную агнястрэльную зброю і падтрымка аднаполых шлюбаў яшчэ да таго, як Абама падтрымаў закон у Кангрэсе. У той жа час Байдэн даў сваю падтрымку на ўварваньне ў Ірак у 2003 годзе, а таксама быў адным з аўтараў закону аб злачынствах, прынятага ў 1994 году, у выніку якога амэрыканскія турмы перапоўненыя зьняволенымі, пасаджанымі за дробныя злачынствы.

У гэтым годзе супраць Байдэна былі таксама вылучаныя абвінавачваньні ў непрыстойных паводзінах з жанчынамі. Паводзіны, якія некалькі жанчын палічылі недарэчнымі, Байдэн патлумачыў спробай усталяваць «чалавечы кантакт». «Я буду значна больш уважлівым. Гэта мая адказнасьць, — адзначыў палітык. — Я буду больш уважлівым да асабістай прасторы іншых людзей».

Байдэн, паводле апытаньняў, апярэджвае другога па папулярнасьці дэмакрата, сэнатара ад штату Вэрмонт Берні Сандэрса — у сярэднім прыкладна на 7 працэнтаў. Таксама ў тройцы лідэраў сэнатарка ад штату Каліфорнія Камала Харыс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG