Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны: Цэлы сьвет назірае за вамі


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн папярэдзіў ўкраінскую ўладу, што сьвет вельмі пільна назірае за яе дзеяньнямі і чакае пасьпяховага правядзеньня рэформаў, пераадоленьня карупцыі і перамогі ў барацьбе з расейскай агрэсіяй. Пра гэта ён сказаў, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе ў Кіеве ў аўторак.

На думку прамоўцы, украінскія лідэры не змаглі выканаць абяцаньні дэмакратычных рэформаў, якія далі ў 2004 годзе пасьля «аранжавай рэвалюцыі». «Рэвалюцыя годнасьці» дала Ўкраіне другі шанец на свабоду і пабудову лепшай будучыні«, адзначыў Байдэн і заклікаў улады краіны выканаць патрабаваньні ўкраінскага народу.

Джо Байдэн таксама заявіў, што нельга дазваляць адным краінам сілай перакройваць тэрыторыю іншых. Расея парушыла гэтыя правілы і працягвае іх парушаць. «Расея акупавала незалежную ўкраінскую тэрыторыю», — падкрэсьліў ён. Злучаныя Штаты не прызналі і ніколі не прызнаюць спробы Расеі анэксаваць Крым. Гэтыя словы Байдэна дэпутаты Вярхоўнай Рады сустрэлі воплескамі. Пакуль існуе расейская агрэсія супраць Украіны, цана, якую за яе плаціць Крэмль, будзе расьці, заявіў віцэ-прэзыдэнт ЗША.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША мяркуе, што ў сьвеце няма ніводнай іншай дэмакратычнай краіны, дзе карупцыя квітнее так, як ва Ўкраіне.

«Я ніколі не распавядаю людзям зь іншых краін, што яны павінны рабіць, але вы ня можаце знайсьці ніводнай дэмакратыі ў сьвеце, дзе ракавая пухліна карупцыі так квітнее. Карупцыя адбірае рэсурсы ад народу. Яна не дапускае разьвіцьця эканомікі. Мы ведаем пра гэта, вы ведаеце пра гэта, украінцы ведаюць пра гэта. Калі Расея спрабуе падарваць стабільнасьць і сувэрэнітэт Украіны, выкарыстоўваючы інструмэнты карупцыі, вельмі важна для Ўкраіны ня даць гэтага рабіць», — сказаў ён.

«Цэлы сьвет назірае за вамі. Краіны сьвету спадзяюцца на ваш посьпех у барацьбе з ракавай пухлінай — карупцыяй і супраць бязьлітаснай агрэсіі Расеі. Абедзьве гэтыя бітвы, якія вы ведзяце, падтрымліваюцца амэрыканскім народам, уключаючы амаль мільён амэрыканцаў украінскага паходжаньня. Вельмі шмат залежыць ад таго, даможацеся вы посьпеху ці не», — падкрэсьліў Джо Байдэн.

Для таго, каб перамагчы карупцыю, на яго думку, трэба правесьці судовую рэформу. Ён дадаў, што і алігархі, і неалігархі павінны плаціць падаткі, дзейнічаць па адных правілах, не зьвяртацца да ціску на судзьдзяў.

Байдэн паўтарыў, што ЗША і надалей будуць павялічваць сваю фінансавую дапамогу Ўкраіне для ажыцьцяўленьня неабходных рэформаў і ў канцы працытаваў Тараса Шаўчэнку.

«Може колись незлим тихим словом ви про мене згадаєте», — сказаў на заканчэньне ён.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн прыбыў у Кіеў з рабочым візытам 6 сьнежня. Учора ён сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэм’ерам Арсенем Яцанюком.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG