Апэляцыйны суд у Нью-Ёрку забараніў прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу абмяжоўваць карыстальнікам доступ да сваёй асабістай старонкі ў Твітэры. Рашэньне пацьвярджае аналягічную забарону, якую раней выдаў фэдэральны cуд першай інстанцыі ў Нью-Ёрку.
Суд прыняў пастанову на падставе першай папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая дае грамадзянам права на свабоду слова. У рамках заканадаўства забаронена «выключэньне асоб з адкрытага дыялёгу праз тое, што тыя выказалі думкі, зь якімі дадзены чыноўнік нязгодны», заявіў судзьдзя Бэрынгтан Паркер.
Міністэрства юстыцыі ЗША скрытыкавала папярэдняе судовае рашэньне з гэтай нагоды. У ведамстве настойвалі на тым, што на сваёй старонцы Трамп толькі выказвае сваё меркаваньне па розных пытаньнях, таму гэтую пляцоўку нельга лічыць месцам грамадзкай дыскусіі з абраным дзяржаўным дзеячам.
Апэляцыйны суд адхіліў гэтыя прэтэнзіі, пастанавіўшы, што старонка Трампа ў Твітэры мае ўсе прыкметы «афіцыйнага ўліковага запісу» пры дапамозе якога прэзыдэнт ЗША робіць заявы адносна сваёй палітыкі.
Паведамляецца, што сярод пазоўнікаў — сямёра карыстальнікаў Твітэру, якім Трамп абмежаваў доступ да сваёй старонкі, нібыта пасьля таго, як яны пакінулі на ёй нэгатыўныя камэнтары.
На асабістую старонку Дональда Трампа ў Твітэры падпісаныя амаль 62 мільёны карыстальнікаў. У гэтай сацыяльнай сетцы таксама існуе афіцыйны акаўнт прэзыдэнта ЗША, але ён менш папулярны і не выкарыстоўваецца Дональдам Трампам настолькі часта.