Памежнікі падлічылі, колькі іншаземцаў прыехалі ў Беларусь па бязьвізе на Эўрапейскія гульні

Падчас цырымоніі адкрыцьця  II Эўрапейскіх гульняў у Менску, 21 чэрвеня 2109 году

Афіцыйная інфармацыя па стане на 8 гадзін раніцы 27 чэрвеня.

У Дзяржаўным памежным камітэце Свабодзе назвалі лічбу замежных грамадзян, якія скарысталіся магчымасьцю бязь візы наведаць Беларусь у сувязі з II Эўрапейскімі гульнямі.

«З 20 траўня больш за 12 тысяч замежных грамадзян былі прапушчаныя ў бязьвізавым парадку паводле акрэдытацыі і білетаў на 2-я Эўрапейскія гульні. Дакладнай лічбы няма перад вачыма, я зараз у службовай выправе, але памятаю, што недзе каля 12 200. Зьвесткі я ўдакладняў сёньня раніцай», — сказаў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь патраціла на Эўрагульні ў 5 разоў больш, чым абяцаў Лукашэнка

У гэты лік уваходзяць 4 тысяч спартоўцаў, а таксама спартовыя функцыянэры з 50 краін, якія бяруць удзел у Эўрапейскіх гульнях.

Паводле Антона Бычкоўскага, частка іншаземцаў магла прыляцець на Эўрапейскія гульні без квіткоў проста ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і ўжо тут набыць квіткі на гульні.

Паводле Антона Бычкоўскага, сярод іншаземцаў, якія прыехалі ў Беларусь у сувязі з гульнямі праз памежныя пункты пропуску, найбольш турыстаў з Польшчы, Нямеччыны, Літвы, Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праграма, зоркі, прызавыя і агульны бюджэт. Самае важнае пра Эўрапейскія гульні ў Менску

«Наземныя пункты пропуску карыстаюцца большай папулярнасьцю сярод гледачоў, а ўдзельнікі гульняў і арганізатары, зразумела, прыяжджалі ў асноўным праз аэрапорт», — сказаў Антон Бычкоўскі.

Колькі турыстаў з Расеі за гэты час прыехалі ў Беларусь, Антон Бычкоўскі сказаць ня змог, бо гэтыя турысты беларускімі памежнікамі ня ўлічваліся.

Улады прагназавалі, што Беларусь падчас Эўрапейскіх гульняў наведае каля 30 тысяч замежных заўзятараў.