Адтэрміноўку ад войска для вучобы ў Беларусі сабраліся даваць толькі адзін раз

Беларускія вайскоўцы на падрыхтоўцы да параду, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая апублікавала ў Telegram-чаце праект зьменаў у правілы прызыву на тэрміновую вайсковую службу.

Як сьцьвярджае Ганна Канапацкая, праект быў унесены Саветам міністраў у тэрміновым парадку і разьлічаны на прыняцьце ў двух чытаньнях цягам бягучай сэсіі.

Законапраект прадугледжвае, што адтэрміноўку ад вайсковай службы будуць даваць толькі адзін раз для тых, хто вучыцца на вочнай форме адукацыі:

  • сярэдняй спэцыяльнай,
  • прафэсійна-тэхнічнай,
  • першай ступені вышэйшай (бакаляўрыят).

Адтэрміноўкі ня будзе для навучаньня ў магістратуры або асьпірантуры (выключэньне — калі на навучаньне накіроўваюць дзяржаўныя органы).

За непраходжаньне вайсковай службы без законнай падставы зьбіраюцца адмаўляць у прыёме на дзяржаўную службу, у органы ўнутраных справаў, фінансавых расьсьледаваньняў і надзвычайных сытуацыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вучаць бараніць Беларусь. 7 фактаў пра вайсковую адукацыю

Канапацкая ў камэнтары БелаПАН абурылася пасьпешлівасьцю, зь якой уносяць такія праўкі. Кажа, улады «перакладваюць праблемы», бо «гэта іхная праца — знайсьці прызыўніка».

Аляксандар Лукашэнка 26 студзеня праводзіў нараду з Саветам бясьпекі, дзе абмяркоўваў магчымыя зьмены ў правілах прызыву ў войска. Тады гучалі і іншыя прапановы:

  • уключаць тэрміновую службу ў мінімальны страхавы стаж,
  • у выпадку няяўкі ў ваенкамат забараняць выезд з краіны,
  • студэнтам, якія адслужылі, даваць прыярытэт у атрыманьні жытла ў інтэрнаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што задумалі зьмяніць у правілах прызыву ў беларускае войска. Каротка