Блогер NEХТА апублікаваў ліст, падобны на распараджэньне кіраўніцтва Дэпартамэнту аховы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
Дакумэнт адрасаваны начальніку Менскага гарадзкога дэпартамэнту палкоўніку Юрыю Федарэнку, у ім гаворыцца, што службовым аўтамабілям «ВАЗ» і «Ніва» забаронена днём езьдзіць па горадзе ў час правядзеньня ІІ Эўрапейскіх гульняў з 21 па 30 чэрвеня:
«У мэтах фармаваньня і падтрымкі на высокім узроўні станоўчага іміджу Дэпартамэнта аховы і МУС выключыць знаходжаньне на маршрутах патруляваньня службовых транспартных сродкаў маркі ВАЗ (за выключэньнем аўтамабіляў Largus), а таксама мінімізаваць выкарыстаньне службовых транспартных сродкаў маркі „Шэўрале-Ніва“ ў дзённы час».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
720 машын хуткай дапамогі, 3 лякарні. На што б хапіла грошай, якія пойдуць на ЭўрагульніЛіст падпісаны намесьнікам начальніка Дэпартамэнту аховы МУС палкоўнікам міліцыі Былінам.
Свабода зьвярнулася па камэнтар з нагоды гэтага дакумэнту ў Дэпартамэнт аховы МУС. Прэсавы сакратар Алена Білая паведаміла, што гэтую інфармацыю дэпартамэнт не камэнтуе.
Беларускія праваахоўнікі ў штодзённай працы карыстаюцца тэхнікай перадусім расейскай вытворчасьці. У якасьці патрульных аўтамабіляў задзейнічаныя ВАЗ-2110, УАЗ-452, УАЗ «Хантер», УАЗ «Патриот», ВАЗ-2131 «Нива», Chevrolet Niva, мікрааўтобусы «Газель» і «Соболь». Зь іншых марак — чэскія Skoda Octavia, нямецкія BMW 3, а таксама ўмоўна беларускія Geely і Samand, якія першапачаткова зтбіралі ў Беларусі зь кітайскіх і іранскіх машынакамплектаў адпаведна.
Аўтамабілі на праваахоўнай службе
Самая дарагая зь пералічанага сьпісу — BMW 3, з улікам камплектацыі машына з канвэйру каштуе 30-40 тысяч даляраў.
Новая Skoda Octavia, залежна ад опцый, каштуе ў сярэднім 25 тысяч даляраў.
Пазадарожнік УАЗ «Патриот» у беларускіх дылерскіх сетках прадаецца ў межах 15 тысяч даляраў за новае аўто.
Цана на сэдан Geely ад афіцыйнага дылера ў Менску стартуе ад 12 тысяч даляраў залежна ад начыньня.