Генпракуратура паабяцала даць ацэнку масаваму затрыманьню цыганоў

Вызваленьне магілёўскіх цыганоў пасьля масавага затрыманьня, 19 траўня

Генпракуратура Беларусі адрэагавала на зварот старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які тычыўся фактаў масавага затрыманьня цыганоў 16 траўня ў Магілёве ў межах расьсьледваннья сьмерці міліцыянта Яўгена Патаповіча, піша «Вясна».

У адказе за подпісам начальніка аддзелу арганізацыі работы са зваротамі грамадзян Ю. Карпіцкага напісана, што распараджэньнем Генэральнага пракурора «створаная група, якой будзе дадзена ацэнка дзеяньням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры затрыманьні асоб цыганскай нацыянальнасьці ў Магілёве ў траўні 2019 году».

21 траўня Алесь Бяляцкі накіраваў у Генпракуратуру заяву з просьбай правесьці праверку законнасьці масавых затрыманьняў цыганоў у Магілёве 16 траўня. У заяве ён адзначыў, што, на яго думку, агучаная СМІ інфармацыя аб магчымай датычнасьці цыганоў да меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ ў сукупнасьці з дэманстратыўнымі дзеяньнямі МУС маглі прывесьці да сур’ёзных небясьпечных наступстваў у дачыненьні да дадзенай нацыянальнай групы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі зьвярнуўся ў Генпракуратуру з прычыны масавых затрыманьняў цыганоў

Праваабаронца папрасіў Генпракуратуру правесьці пракурорскую праверку законнасьці затрыманьняў і прыняць адпаведныя меры, а таксама разгледзець неабгрунтаваныя выпадкі ўжываньня сілы, фізычнага гвалту, неаказаньня неабходнай дапамогі ў дачыненьні да затрыманых, умовы іх утрыманьня.

16 траўня ў Магілёве ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча міліцыянты масава затрымлівалі грамадзянаў цыганскай нацыянальнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапаўцы ў масках моцна білі». Магілёўскія цыганы пра допыты пасьля забойства міліцыянта

Толькі ў Магілёве ў месцах кампактнага пражываньня цыганоў затрымалі каля 100 чалавек: жанчын, непаўналетніх дзяцей і мужчын. Частку зь іх пазьней вызвалілі, а каля 50 мужчын затрымалі на трое сутак. Адносна іх пазаводзілі адміністрацыйныя справы за нібыта дробнае хуліганства.

Затрыманьні адбываліся таксама ў Гомлі і па ўсёй краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскія цыганы таксама трапілі пад міліцэйскую аблаву

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што ў яго «няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня перад цыганамі», але пазьней перад імі ўсё ж выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.