Суд у расейскім Яраслаўлі аштрафаваў на 30 тысяч расейскіх рублёў (каля 460 даляраў) за публікацыю на Facebook фота з надпісам «Пуцін – п***р» на сьцяне ўпраўленьня ўнутраных справаў, перадае мясцовае выданьне «Яркуб».
Яго прызналі вінаватым у «непавазе да ўлады» (ч. 3 арт. 20.1 КаАП РФ) — у пратаколе сьцьвярджаецца, што ён публікаваў фота і «асэнсоўваў проціпраўнасьць сваіх дзеяньняў», «разумеў непрыстойнае значэньне слова».
Асуджаны не прызнаў віны: казаў, яго як архітэктара закрануў акт вандалізму да помніка гісторыі, а прэзыдэнт мусіў бы быць цярпімым да крытыкі. Акрамя таго, ён адзначыў, што слова, якім апісваўся Пуцін у надпісе, не аднесенае ў слоўніках да лаянкі або табуяванай лексыкі.
Надпіс на калёнах УУС у Яраслаўлі, архіўнае фота
Суд адмовіўся ад ягонай прапановы дапытаць школьную настаўніцу, на падставе тлумачэньняў якой быў складзены пратакол. Пракурор жа прадставіў лінгвістычную экспэртызу ўнівэрсытэцкага прафэсара, у якой адзначана, што ў надпісе ёсьць «нэгатыўная ацэнка асобы, пазначанай як «Пуцін», а што гэта за асоба, немагчыма высьветліць.
Артыкул аб «непавазе да ўлады» параўнальна новы ў Расеі: першы раз паводле яго аштрафавалі тры тыдні таму за словы «Пуцін — казачны д***» у посьце «ЎКантакце».
Паводле «Левада-цэнтру», 53% расейцаў выступілі супраць гэтага закону, а 64% заявілі, што ён прыняты, каб не дапусьціць крытыкі чыноўнікаў на тле паведамленьняў пра карупцыю і злоўжываньне ўладай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дадатковая праверка зноў пацьвердзіла: слова «г...к» на адрас Лукашэнкі — не абразаУ Беларусі няма адказнасьці за «непавагу да ўлады», але ёсьць артыкул 23.5 КаАП «абраза службовай асобы пры выкананьні» (штраф у 20–50 базавых велічыняў), артыкулы 368 КК РБ «абраза прэзыдэнта» (ад штрафу да трох гадоў турмы) і 369 КК РБ «абраза прадстаўніка ўлады» (ад штрафу да абмежаваньня волі на тры гады).