Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія карыстальнікі сацсетак запусьцілі флэшмоб аб «казачным ****** Пуціне»


Плякаты на Бэрлінскай сьцяне з выявай прэзыдэнта Расеі Пуціна і надпісам "крывавы Ўладзімір", Жнівень 2018 году.
Плякаты на Бэрлінскай сьцяне з выявай прэзыдэнта Расеі Пуціна і надпісам "крывавы Ўладзімір", Жнівень 2018 году.

Расейскія карыстальнікі сацыяльных сетак запусьцілі флэшмоб у падтрымку жыхара Наўгародзкай вобласьці Юрыя Картыжава — першага асуджанага за парушэньне новага расейскага закону аб абразе ўлады.

Напярэдадні Картыжаў быў аштрафаваны. Суд у Наўгародзкай вобласьці пастанавіў, што на сваёй старонцы «ВКонтакте» ён апублікаваў запісы, у якіх утрымліваліся абразы на адрас прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

У прыватнасьці, як вынікае з матэрыялаў справы, Картыжаў назваў прэзыдэнта нецэнзурным словам з шырока распаўсюджанай у інтэрнэце кінацытаты. У камэдыі «Даун Хаўс» такім жа словам генэрал Епанчын характарызуе князя Мышкіна, зьдзіўляючыся, навошта таго выпусьцілі зь лякарні.

Цяпер карыстальнікі сацсетак масава цытуюць ужо не Епанчына, а Картыжава, зрабіўшы зь яго фразы адпаведны хэштэг. Пры гэтым толькі нешматлікія закрываюць нецэнзурнае слова на адрас Пуціна зорачкамі.

Сам Юрый Картыжаў зьбіраецца зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. Ён лічыць адміністрацыйную справу, заведзеную на яго, «замовай», і мяркуе, што праваахоўнікі ўзламалі яго рахунак, каб зрабіць ад яго імя два запісы.

Закон аб адказнасьці за абразу ўлады і дзяржаўных сымбаляў у інтэрнэце быў прыняты ў Расеі ў канцы сакавіка. Парушальнікам пагражае штраф або адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак. Пры паўторным парушэньні штраф можа быць павялічаны.

Аўтарамі законапраекту зьяўляюцца кіраўнік камітэту Савету Фэдэрацыі па заканадаўстве Андрэй Клішас, а таксама дэпутаты Дзярждумы Людміла Бокава і Дзьмітрый Вяткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG