Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу ўкраінскай мовы будуць караць. Што ў моўным законе, які ўхваліў парлямэнт Украіны


Падчас акцыі пад будынкам Вярхоўнай Рады Ўкраіны з патрабаваньнем падтрымаць законапраект «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». Кіеў, 28 лютага 2019 году
Падчас акцыі пад будынкам Вярхоўнай Рады Ўкраіны з патрабаваньнем падтрымаць законапраект «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». Кіеў, 28 лютага 2019 году

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон аб выключным выкарыстаньні ўкраінскай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця.

Паўгода спатрэбілася Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, каб разгледзець і ўхваліць закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай»: у першым чытаньні праект закону быў ухвалены 4 кастрычніка 2018 году, а разгляд у другім чытаньні пачаўся сёлета 28 лютага.

Закон падтрымалі 278 з 347 народных дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі.

«Украінская дзяржава мае дзяржаўную мову — гэта ўкраінская мова. Мы, украінскі парлямэнт, ухваляючы закон аб функцыянаваньні ўкраінскай мовы як дзяржаўнай, выконваем свой абавязак. Украінская мова — гэта зброя, наша, магутная! Імпэрская Расея заўсёды рабіла ўсё, каб выбіць яе нам з рук. Не атрымалася», — сказаў сьпікер парлямэнту Андрэй Парубій.

Сёньня грамадзяне Ўкраіны сабраліся перад будынкам парлямэнту, патрабуючы ад дэпутатаў ухваленьня моўнага закону. У часе галасаваньня за закон у парлямэнце прысутнічаў экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, а таксама патрыярх Філарэт, які ўзначальваў Украінскую праваслаўную царкву Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) з 1992 году.

Перад галасаваньнем дэпутатам прадэманстравалі відэазапіс звароту выбітных украінцаў, якія заклікалі парлямэнт падтрымаць закон.

Што прадугледжвае закон

Закон прадугледжвае выкарыстаньне ўкраінскай мовы ва ўсіх без выключэньняў сфэрах жыцьцядзейнасьці краіны, а таксама абавязвае кнігавыдаўцоў ня менш як 50 % прадукцыі штогод выдаваць на ўкраінскай мове.

Апроч таго, закон вызначае кола дзяржаўных службоўцаў, абавязаных ведаць дзяржаўную мову, яны маюць гэта пацьвердзіць адпаведным сэртыфікатам. Цяпер кандыдат на прэзыдэнта мусіць прад’явіць дакумэнт, які пацьвярджае належны ўзровень валоданьня дзяржаўнай мовай.

Згодна з законам уводзіцца пасада Ўпаўнаважанага ў абароне дзяржаўнай мовы. Плянуецца таксама стварэньне Нацыянальнай камісіі ў пытаньнях стандартаў дзяржаўнай мовы, сярод функцый якой зацьвярджэньне правапісу ўкраінскай мовы і стандартаў транскрыбаваньня, вызначэньне патрабаваньняў да ўзроўню валоданьня мовай вышэйшымі дзяржаўнымі кіраўнікамі і асобамі, якія прэтэндуюць на ўкраінскае грамадзянства.

За абразу ўкраінскай мовы будуць караць

Адначасова дэпутаты прыраўнялі публічнае прыніжэньне або грэбаваньне дзяржаўнаю моваю да правапарушэньняў, зьвязаных з публічным зьдзекам зь дзяржаўных сьцяга, герба і гімна. Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, за такія дзеяньні прадугледжана пакараньне як у выглядзе штрафу да 850 грыўняў, так і ў выглядзе арышту на тэрмін да 6 месяцаў.

Цяпер закон маюць падпісаць сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій і дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Закон набудзе юрыдычную моц праз два месяцы пасьля ягонай публікацыі, за выключэньнем некаторых артыкулаў. Напрыклад, норма аб валоданьні ўкраінскай мовай пры атрыманьні грамадзянства Ўкраіны і аб кнігавыдавецтве набудуць моц праз два гады, больш як праз год — аб пераводзе адукацыйнай сфэры на ўкраінскую мову, праз год — аб украінізацыі сфэры культуры, і праз 30 месяцаў — аб украінскай мове друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG