Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу «Лукашанкі» жыхара Полаччыны пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі»


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Суд прызнаў жыхара пасёлку Ветрына Полацкага раёну Зьмітра Русака вінаватым паводле артыкулаў 368 (публічная абраза прэзыдэнта) і 340 (фальшывае паведамленьне аб падрыхтоўцы выбуху) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Судзьдзя Віталь Лапко пакараў Зьмітра Русака абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія») і з канфіскацыяй тэлефона як сродку зьдзяйсьненьня злачынства.

Прадметам судовага разбору сталі падзеі 1 траўня, калі 36-гадовы Зьміцер Русак разьмясьціў на сваёй старонцы «Ўкантакце» заведама фальшывае паведамленьне пра бомбу, нібыта закладзеную ў гандлёвым цэнтры «Манеж» у Полацку, а таксама фразу «Я ненавижу Лукашанко» i нецэнзурнае слова на адрас носьбіта гэтага прозьвішча.

У судзе Русак патлумачыў, што ў той дзень яны ў кампаніі з грамадзянамі Расеі адзначалі Міжнародны дзень cалідарнасьці працоўных, і ў яго зьявілася ідэя праверыць пільнасьць беларускіх міліцыянтаў. Ён паспрачаўся са сваімі прыяцелямі, што сілавыя структуры не адрэагуюць на ягонае паведамленьне. У міліцыю патэлефанавала жанчына, якая ўбачыла допіс пра пагрозу выбуху.

Абвінавачаньне ў абразе прэзыдэнта жыхару Полаччыны выставілі толькі праз 4 месяцы, у жніўні гэтага году. Суд прыйшоў да высновы, што абраза прэзыдэнта мела месца, хоць нецэнзурнае слова, ужытае Русаком, адносілася не да «Лукашэнкі», а да «Лукашанкі». Лінгвістычная экспэртыза таксама не давяла, што допіс тычыцца прэзыдэнта Беларусі.

Тым ня менш суд пастанавіў пакараць Зьмітра Русака за абодва злачынствы, падтрымаўшы прапанову пракурора Ігара Галаўкова, — абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG