Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Полацкага раёну будуць судзіць за абразу Лукашэнкі, хоць ён напісаў пра «Лукашанку»


36-гадовы жыхар пасёлку Ветрына на сваёй старонцы «Вконтакте» напісаў: «Я ненавіджу Лукашанко». Тамсама ён паведаміў, што рыхтуе тэракт у полацкім гандлёвым цэнтры «Манеж».

Сам ветрынец сьцьвярджае, што такім чынам вырашыў праверыць, ці сочыць міліцыя за сацыяльнымі сеткамі. Тым ня менш яго будуць судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Справу, распачатую паводле ч.1 ст.340 («заведама непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку») і ч.1 ст.368 («абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь») перадалі ў Полацкі раённы суд.

Дата пачатку працэсу яшчэ невядомая, паведаміла ў Фэйсбуку прэсавая сакратарка Віцебскага абласнога суду Натальля Платоненка.

Падчас сьледзтва аўтар допісу патлумачыў, што вырашыў праверыць апэратыўнасьць беларускіх спэцслужбаў. Таму 1-га траўня ён разьмясьціў на сваёй старонцы правакацыйныя паведамленьні.

Але спраўдзіць, наколькі апэратыўна рэагуюць у такіх выпадках сілавікі, яму так і не ўдалося: пра падрыхтоўку тэракту і «бомбу» ў гандлёвым цэнтры ў міліцыю ў той самы дзень заявіла знаёмая падсуднага.

Скажэньне прозьвішча «Лукашэнка» на «Лукашанка» не паўплывала на рашэньне сьледчых: за публічную абразу кіраўніка Рэспублікі Беларусь вінаватаму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі. За заведама непраўдзівае паведамленьне пра небясьпеку — пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

За апошнія 20 гадоў у краіне дзясяткі разоў заводзіліся справы за абразу кіраўніка Беларусі. Многія зь іх былі даведзеныя да суду. За «абразу прэзыдэнты» арыштоўваліся і адбывалі рэальныя тэрміны журналісты Віктар Івашкевіч, Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Андрэй Пачобут, прадпырмальнік Валер Леванеўскі і іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG