Дарогу, на якой загінуў магілёўскі раварыст, меліся адрамантаваць цягам траўня

Аляксандар Сомаў на роварным карнавале 12 траўня 2019 году. Фота Аляксандра Сабалеўскага

Магілёўскае дарожна-маставое прадпрыемства ня зьвязвае сьмерць 66-гадовага раварыста Аляксандра Сомава з кепскай якасьцю дарог. Як даведалася Свабода, праезную частку вуліцы, на якой адбылося здарэньне, павінны былі адрамантаваць цягам траўня.

Трагедыя зь вядомым у Магілёве фатографам, падпалкоўнікам у адстаўцы Аляксандрам Сомавым здарылася 12 траўня на вуліцы Каралёва, што за 10 хвілін язды ад цэнтру гораду. Кола ягонага ровара трапіла ў яміну, схаваную пад вадой. Раварыст упаў. Паводле сьведак, хуткая дапамога змагалася за яго жыцьцё на месцы, але марна.

Яміна была схаваная пад вадой, калі ў яе трапіў раварыст

Дакладная прычына сьмерці пакуль невядомая. Вынікі экспэртызы будуць гатовыя праз колькі дзён.

Паводле Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці, Аляксандар Сомаў памёр у бальніцы. Па факце ягонай сьмерці праводзіцца праверка. Папярэдне кажуць, што сьмерць наступіла ад сардэчнага захворваньня.

Яміну на праезнай частцы ў раёне вуліцы Каралёва дарожнікі зарабілі 13 траўня. На месцы здарэньня застаецца драўляная агароджа і кветкі.

Зараўнаваная яміна. Калі зараўноўвалі, у ёй была вада

Дарогу рамантавалі, але ня скончылі

Дарожнае палатно вуліцы Каралёва рамантавалі на працягу некалькіх дзён да здарэньня, але пашкоджаньні засталіся. Кіраўнік дарожна-маставога прадпрыемства Андрэй Клімаў адзначае, што скончыць плянуюць цягам траўня.

«У сувязі з дажджамі мы зараўноўваем тыя яміны, якія можна зараўнаваць паводле тэхналёгіі. Тым, што ў вадзе, даём час высахнуць», — кажа ён.

Андрэй Клімаў ня стаў камэнтаваць здарэньне і, у прыватнасьці, зьвязваць яго з кепскім станам дарог. «Наколькі я разумею, — сказаў ён, — адпаведныя органы гэтым пытаньнем займаюцца».

Паводле суразмоўцы, даваць ацэнку якасьці дарог у Магілёве — не ягоная прэрагатыва. Ён настойвае, што працы вядуцца згодна з плянам, фінансаваньне выдзяляецца, «людзі працуюць без выходных, калі дазваляе надвор’е».

На пахаваньні Аляксандра Сомава

Аляксандра Сомава пахавалі 14 траўня. Фатаграфіяй у розных жанрах ён займаўся некалькі дзясяткаў гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ў царкву схадзілі да прычасьця». Жыхары Ружанаў — пра сьмяротнае здарэньне зь лесавозам