Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, які супольна праводзілі Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы», Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі і Ўкраінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, шостым прэзыдэнтам Украіны абраны актор і бінэсовец Уладзімір Зяленскі, за якога прагаласавалі 73 % выбарнікаў.
Як Зяленскі і Парашэнка сустрэлі першыя вынікі выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. ФОТА
Зяленскі падзякаваў бацькам, жонцы, усім, хто яго падтрымаў, праваахоўным органам. «Я зараз хачу зьвярнуцца да ўсіх постсавецкіх краін. Паглядзіце на нас — усё магчыма», — сказаў Зяленскі
Нягледзячы на вельмі актыўную агітацыйную кампанію, якую праводзіў дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка перад другім турам галасаваньня, яму не ўдалося пераадолець вялікі адрыў ад свайго апанэнта — за яго, паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу аддалі свае галасы 25,5 % выбарнікаў.
Пятро Парашэнка фактычна прызнаў сваю паразу і паабяцаў патэлефанаваць Уладзіміру Зяленскаму, каб яго павіншаваць: «Зараз, калі я бачу вынікі экзыт-полу, а яны відавочныя, і даюць падставу патэлефанаваць зараз майму апанэнту і павіншаваць яго». Разам з тым ён падкрэсьліў, што ягоная каманда будзе абараняць дасягненьні, атрыманыя за апошнія пяць гадоў, і найперш — эўрапейскі выбар і паўночнаатлянтычную інтэграцыю.
Як паведаміла ЦВК, у другім туры галасаваньня, паводле стану на момант закрыцьця выбарчых участкаў, узялі ўдзел 61,56 % грамадзян, уключаных у сьпіс выбарнікаў.
Першым прэзыдэнтам Украіны быў Леанід Краўчук, другім два тэрміны запар быў Леанід Кучма, пасьля Аранжавай рэвалюцыі трэцім прэзыдэнтам стаў Віктар Юшчанка, чацьвётым быў зрынуты пад час Рэвалюцыі Годнасьці Віктар Янукоувіч, пятым прэзыдэнтам пакуль яшчэ зьяўляецца Пятро Парашэнка. Такім чынам Уладзімер Зяленскі становіцца шостым прэзыдэнтам за гісторыю незалежнай Украіны.