ЗША і ЭЗ: падтрымка Ўкраіны працягнецца, нягледзячы на ​​вынікі выбараў

Амбасадарка ЗША ва Ўкраіне Мары Ёванавіч

ЗША і Эўрапейскі Зьвяз працягнуць падтрымку Ўкраіны незалежна ад таго, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, другі тур якіх заплянаваны на 21 красавіка, заявілі амбасадарка ЗША ва Ўкраіне Мары Ёванавіч і кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ ва Ўкраіне Юг Мінгарэлі.

«Мы працягнем падтрымліваць украінскі народ, хто б ні выйграў выбары, для садзейнічаньня дэмакратызацыі, мадэрнізацыі краіны і руху ў кірунку Эўрапейскага Зьвязу», — заявіў Мінгарэлі.

«Урад ЗША будзе працягваць супрацоўнічаць зь любым кандыдатам, якога абяруць украінцы. Мы будзем працягваць працаваць над тымі рэчамі, якія важныя і для ўкраінскага народа, і для ЗША, а менавіта: пасьпяховае вырашэньне канфлікту на ўсходзе, квітнеючая эканоміка і павага ўрадам усіх грамадзянаў у адпаведнасьці з законам», — сказала Ёванавіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка: Я рабіў памылкі, але мне ня сорамна за гэтыя 5 гадоў. Як глядзець дэбаты

Яны выступалі 19 красавіка перад назіральнікамі ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі рассакрэціў сваю каманду. Абяцаў прызначаць толькі пасьля праверкі ў СБУ

Прадстаўнікі ЭЗ і ЗША таксама выказалі надзею на тое, што другі тур галасаваньня пройдзе спакойна і без парушэньняў.

Другі тур выбараў прэзыдэнта пройдзе 21 красавіка. У ім будуць спаборнічаць дзеючы кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка і шоўмэн Уладзімір Зяленскі.

19 красавіка адбудуцца дэбаты кандыдатаў на НСК «Алімпійскі».