Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пераходзіць на стандарты NATO ў вытворчасьці ўзбраеньня


Урад Украіны ўхваліў рашэньне аб выхадзе з Пагадненьня СНД аб стандартызацыі ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі.

Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер-міністар, міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Сьцяпан Кубіў.

«У Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця Ўкраіны ў выніку аналізу прыйшлі да высновы, што гэтае пагадненьне ня мае практычнай рэалізацыі ва Ўкраіне, бо савецкія ГОСТы ўжо ліквідаваныя на 90%, іх замяняюць эўрапейскія стандарты. А яшчэ ў Канстытуцыі замацаваны стратэгічны курс на NATO. Будзем праводзіць стандартызацыю ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі ў адпаведнасьці з гэтым курсам», — сказаў Кубіў.

Згодна з рашэньнем ураду, Міністэрства замежных спраў Украіны накіруе паведамленьне ў Выканаўчы камітэт Садружнасьці Незалежных Дзяржаў аб спыненьні для Ўкраіны дзеяньня гэтага пагадненьня і дадатковага пратаколу да яго.

Сёлета ў лютым Вярхоўная Рада ўнесла зьмены ў Канстытуцыю Ўкраіны, якія прадугледжваюць інтэграцыю Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO.

Украіна і СНД

Украіна была адной з краін-заснавальніц СНД — міждзяржаўнага ўтварэньня, якое склалі 12 краін — былых рэспублік СССР. Фармальна яна не ратыфікавала статут Садружнасьці, аднак удзельнічала ў дзейнасьці арганізацыі. З 2014 году — пасьля анэксіі Крыму Расеяй і пачатку збройнага канфлікту на Данбасе — Украіна практычна не прымала ўдзелу ў дзейнасьці СНД. На сустрэчах лідэраў краін Садружнасьці ў апошнія гады Ўкраіна была, як правіла, прадстаўленая на ўзроўні пасла.

У траўні 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб спыненьні ўдзелу прадстаўнікоў Украіны ва ўсіх органах СНД. З таго моманту ўкраінскі ўрад пераглядае пагадненьні, падпісаныя Ўкраінай, і паступова зь іх выходзіць.

Сёлета ў студзені, згодна з рашэньнем ураду, Украіна выйшла з трох пагадненьняў аб эканамічным супрацоўніцтве, падпісаных у рамках СНД:

  • аб міждзяржаўным абмене эканамічнай інфармацыяй,
  • аб абмене інфармацыяй у галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці,
  • аб супрацоўніцтве ў галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG