Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна выйшла з трох пагадненняў аб супрацоўніцтве ў рамках СНД


Пасяджэньне Рады кіраўнікоў урадаў краін СНД. Астана, 20 кастрычніка 2018 году

Кабінэт міністраў Украіны прыняў рашэньне аб спыненьні дзеяньня трох пагадненьняў аб эканамічным супрацоўніцтве, падпісаных у рамках СНД: аб міждзяржаўным абмене эканамічнай інфармацыяй, аб абмене інфармацыяй у галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці і аб супрацоўніцтве ў галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.

Першыя два пагадненьні, падпісаныя ў Менску і ў Маскве ў 1992-м і 1993-м гадах адпаведна, прадугледжвалі «наладжваньне абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі СНД актуальнай эканамічнай інфармацыяй і статыстычнымі паказьнікамі сацыяльна-эканамічнага становішча ў краінах».

Трэцяя дамова — аб супрацоўніцтве ў галіне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці — была падпісаная 15 траўня 1992 году ў Ташкенце і прадугледжвала супольную каардынацыю краінамі-ўдзельніцамі СНД зьнешнеэканамічнай дзейнасьці з трэцімі краінамі, а таксама неабходнасьць кансультацый перад правядзеньнем перамоваў аб удзеле ў іншых міжнародных эканамічных і фінансавых арганізацыях.

Згодна з рашэньнем ураду Ўкраіны, Міністэрства замежных справаў краіны павінна ў самыя кароткія тэрміны апавясьціць выканаўчы камітэт СНД аб спыненьні дзеяньня ўсіх вышэйзгаданых пагадненьняў.

У сьнежні 2018 году ва Ўкраіне ўступіў у сілу закон аб спыненьні дзеяньня дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве з Расеяй, якую краіны падпісалі ў 1997 годзе. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў прынятае рашэньне «толькі часткай стратэгіі Кіева ў справе разрыву з каляніяльным мінулым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG