Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы кіраўнік Казахстану «вядомы ў Беларусі як мудры дзяяч», — Лукашэнка


Касым-Жамарт Такаеў
Касым-Жамарт Такаеў

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Касыма-Жамарта Такаева з атрыманьнем пасады прэзыдэнта Казахстана. Урывак віншаваньня апублікавала 21 сакавіка прэс-служба Лукашэнкі.

​«У Беларусі вы вядомы як мудры дзяржаўны дзяяч, які даўно заслужыў павагу казахстанскага народу, — гаворыцца ў віншаваньні. — У час нашай нядаўняй сустрэчы ў Менску вамі была пацьверджаная гатоўнасьць да далейшага ўмацаваньня ўзаемадзеяньня паміж дзьвюма краінамі».

Гаворка, верагодна, ідзе пра сустрэчу 1 лістапада 2018 году ў Менску або наступнай сустрэчы ў Астане на саміце АДКБ празь некалькі дзён — тады Такаеў займаў пасаду старшыні сэнату парлямэнту, а гаворкі пра сыход з пасады Назарбаева не ішло афіцыйна (хаця экспэрты тады адзначалі, што «елбасы» рэфармаваў сыстэму ўлады пад пераемніка).

Лукашэнка, як сьцьвярджаецца, цяпер перакананы, што беларуска-казахстанскае партнэрства будзе «і далей разьвівацца ў духу стратэгічнага партнэрства і даверу».

Беларусь і Казахстан уваходзяць (разам з Армэніяй, Кіргізстанам і Расеяй) у Эўразійскі эканамічны саюз, а таксама ў Саюз незалежных дзяржаваў (СНД) і Арганізацыю дамовы калектыўнай бясьпекі (АДКБ).

На постсвецкай прасторы Казахстан — чацьвёрты па аб’ёмах гандлёвы партнэр Беларусі (пасьля Расеі, Украіны і Літвы), але далёка не найбуйнейшы ў сьвеце. Таваразварот Беларусі і Казахстану параўнальны з Турэччынай (па выніках 2018 году склаў 896 млн даляраў — вярнуўся на ўзровень 2014 году пасьля абвалу), але ў Беларусі ён большы, напрыклад, зь Літвой — у 1,67 раза, з Польшчай — у 2,81 раза, з Брытаніяй у 3,77 раза, а з Расеяй — у 39 разоў.

Экспарт у Казахстан зь Беларусі ў сем разоў перавышае імпарт адтуль. Беларусь экспартуе ў Казахстан грузавыя машыны, малочныя прадукты (экспарт вырас удвая летась і абагнаў грузавікі), трактары і цягачы, а таксама іншую сельскую тэхніку, цукар, мэблю ды іншае. У Казахстане працуе зборка тэхнікі МАЗ, МТЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш» ды іншых беларускіх прадпрыемстваў. Імпартуюцца ў асноўным энэрганосьбіты: нафта і вугаль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG