Лясгас патлумачыў знос крыжоў у Курапатах: «Выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды»
У Курапатах зносяць крыжы. ФОТАГАЛЕРЭЯ
У Курапатах праходзяць плянавыя работы ў добраўпарадкаваньні, мантуюцца агароджы, «выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды» — так пракамэнтаваў БЕЛТА сытуацыю са зносам крыжоў дырэктар Бараўлянскага спэцллязгасу Аляксандар Мірановіч.
Мірановіч растлумачыў, што ў Курапатах, тэрыторыя якіх зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і землямі дзяржаўнага ляснога фонду, цяпер праходзіць другі этап добраўпарадкаваньня.
«Адначасова выдаляюцца незаконна ўстаноўленыя спаруды ў выглядзе крыжоў», — дадаў ён.
У Курапатах зранку 4 красавіка пачалі зносіць крыжы. Як расказаў адзін зь лідэраў абароны мэмарыялу Зьміцер Дашкевіч, зьнесьлі ня менш за 70 крыжоў — тых, якія ён ды іншыя актывісты ставілі мінулым летам з боку рэстарацыі «Поедем поедим».
Сьведкі налічылі восем экскаватараў, якія валяць крыжы па ўсім пэрымэтры мэмарыялу. Міністэрства культуры ня ведае, што адбываецца.