На #БНР101 у Менску будзе канцэрт і ўрачысты прыём. А шэсьці і мітынгі?

«Сьвята незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

За 10 дзён да Дня Волі Свабода распытала лідэраў партыяў і арганізацыяў пра пляны адзначаць 101-й гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасьля леташняга шматтысячнага канцэрту-мітынгу ля Опэрнага тэатру на #БНР101 арганізатары мелі спадзевы, што гэтаксама шырока выпадзе адсьвяткаваць і сёлета. Аднак Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні ў нядзелю 24 сакавіка падобнай акцыі на тым жа месцы.

Арганізатары #БНР101 судзяцца з уладамі

З гэтай прычыны прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) падалі скаргу ў суд Маскоўскага раёну Менску. Паводле старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, далейшы плян дзеяньняў будзе залежаць ад атрыманага адказу.

Таксама марным выявіўся разьлік актывістаў на менскі стадыён «Дынама». Аляксандар Лукашэнка асабіста заявіў, што прысутнасьць апазыцыі на толькі што адрамантаванай арэне будзе для яго «асабістай абразай», і параіў ісьці на плошчу Бангалор. Кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму і адміністрацыя спартовай установы адрэагавала неадкладна: Дня Волі на «Дынама» ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 гарадоў Беларусі: адрасы сьвяткаваньня стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР

Рэзэрвовы варыянт з «дэцэнтралізацыяй»

Пакуль няма рэакцыі на сумесныя заяўкі, якія падавала кіраўніцтва Партыі БНФ і «Арт-Сядзіба» на сьвяточныя імпрэзы ў Верхнім горадзе і на пляцоўцы ля Палацу спорту. Як паведаміў адзін з заяўнікаў Эдуард Пальчыс, рыхтуецца рэзэрвовы варыянт з «дэцэнтралізацыяй» у разе адмоваў ва ўсіх прапанаваных варыянтах. Пры гэтым адзначае, што ў кожны момант гатовая далучыцца вялікая колькасьць артыстаў і калектываў — дзеля гэтага раней быў абвешчаны збор сродкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старую «дошку БНР» усталявалі ў доме побач з тым, дзе абвяшчалі незалежнасьць

Беларускі нацыянальны кангрэс, які раней заклікаў на вулічныя шэсьці, гэтым разам такіх плянаў не абвяшчаў. Некаторыя чальцы арганізацыі выказвалі гатоўнасьць далучыцца да асноўнага сьвяткаваньня.

Прыём і канцэрт

На 15 сакавіка дакладна вядома толькі пра адну імпрэзу, якую заплянаваў аргкамітэт сьвяткаваньня гадавіны БНР: 23 сакавіка адбудзецца ўрачысты прыём у гонар гістарычнай падзеі і канцэрт народнага ансамблю «Тутэйшая шляхта». Запрашэньні разасланыя ад імя ганаровага старшыні Радзіма Гарэцкага і дзейнага старшыні Міколы Купавы.

Застаецца нявырашанай і праблема з устанаўленьнем мэмарыяльнай дошкі на доме па вуліцы Валадарскага, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць БНР. Кіраўніцтва Менгарвыканкаму адмову ўсталяваць вырабленую за народныя грошы шыльду матывуе тым, што грамадзтва не дасьпела да ўшанаваньня гэтай падзеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг

Your browser doesn’t support HTML5

Гісторыя БНР «для чайнікаў» — у адным відэа