Мінуў год. Менгарвыканкаму нагадалі пра згоду ўсталяваць «дошку БНР»
Надпіс на новай «дошцы БНР», архіўнае фота
Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў Беларусі накіравалі ў Менгарвыканкам зварот з просьбай дазволіць усталёўку памятнай дошкі на доме ў Менску, у якім была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, піша БелаПАН.
Як расказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, ён, Мікалай Казлоў, Віталь Рымашэўскі і Ігар Барысаў — лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — падалі зварот як фізычныя асобы.
Гісторыя з новай «дошкай БНР» цягнецца ўжо больш за год (а ўлічваючы першую «дошку БНР», цяпер усталяваную ў суседнім будынку з тым, дзе хочуць павесіць новую, дык 26 гадоў). Нягледзячы на папярэднюю згоду ўладаў, атрыманую 1 сакавіка 2019 году, афіцыйнага дазволу на ўсталёўку няма дагэтуль. Менскія ўлады спасылаюцца на нейкія «звароты грамадзянаў з нэгатыўным стаўленьнем да пытаньня».