Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам «разглядае мэтазгоднасьць» «дошкі БНР». Сітніца: ужо ёсьць адмоўнае рашэньне ўладаў

абноўлена

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч другі раз адказаў на зварот наконт усталяваньня мэмарыяльнай дошкі на будынку, дзе 100 гадоў таму абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сьцісла: Менгарвыканкам вызначае мэтазгоднасьць усталяваньня шыльды. Тэрміны прыняцьця рашэньня ня вызначаныя.

Чаму наконт «дошкі БНР» пішуць звароты?

  1. У верасьні выканкам напісаў, што павесіць дошку перашкаджае «шэраг зваротаў ад грамадзянаў».
  2. Пасьля гэтага пэтыцыю за ўсталяваньне дошкі падпісалі больш за 3000 разоў.
  3. Журналіст Севярын Квяткоўскі папрасіў удакладніць, хто менавіта напісаў звароты супраць усталяваньня і колькі іх было. Выканкам адказаў, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя.
  4. Блогер Максім Ляшко двойчы прасіў Менгарвыканкам адказаць, колькі зваротаў было за ўсталяваньне дошкі, а колькі супраць. Выканкам адказаў пра больш як 3000 подпісаў «наконт памятнай дошкі», колькі за, а колькі супраць не ўдакладняецца.
  5. Арганізатар «БНР-100» і бізнэсовец Павал Белавус запытаўся ў Менгарвыканкаму і Адміністрацыі прэзыдэнта пра дату ўсталяваньня мэмарыяльнай шыльды. На момант публікацыі адказу на звароты няма.

Ці праўда, што грамадзкасьць супраць «дошкі БНР» у Менску?

Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў Свабодзе, што ёсьць рашэньне Менгарвыканкаму аб неўсталяваньні шыльды. Калі і кім быў падпісаны дакумэнт, Сітніца дакладна не назваў, пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю на момант публікацыі не ўдалося.

Сітніца дадаў, што больш займацца дошкай ня будзе — ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне.

Што важна ведаць пра «дошку БНР»

У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дом, дзе была абвешчана Трэцяя Ўстаўная грамата БНР.
Дом, дзе была абвешчана Трэцяя Ўстаўная грамата БНР.

  • Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.
  • Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.
  • Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
  • 941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.
  • Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо «ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG