Завод беленай цэлюлёзы, пабудаваны ў Сьветлагорску кітайцамі, плянуюць запусьціць у жніўні-верасьні. Цяпер там ідуць пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары абураныя смуродам і шкоднымі выкідамі з заводу.
6 сакавіка ініцыятыўная група грамадзян сустрэлася са старшынём канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрыем Назаравым. Пра вынікі сустрэчы напісала прэсавая служба канцэрну.
«Наведнікаў цікавілі такія пытаньні, як ачышчэньне ліўневых сьцёкавых вод, спальваньне сьмярдзючых газаў, якія ўтвараюцца пры вытворчасьці цэлюлёзы, тэхналёгіі варкі цэлюлёзы, пытаньні замераў хімічных злучэньняў, шуму, тэрмінаў пусканаладачных работ і шэраг іншых», — інфармуе прэсавая служба.
Канцэрн запэўнівае, што на ўсе пытаньні былі дадзеныя тлумачэньні.
Што адказаў Юры Назараў?
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы ажыцьцяўляецца па найноўшай тэхналёгіі, якая выкарыстоўваецца на аналягічных вытворчасьцях ва ўсім сьвеце.
- Будаўніцтва заводу вялося паводле праектнай дакумэнтацыі, якая прайшла экспэртызу.
- Умовы і месца скіданьня ачышчаных сьцёкавых вод у раку Бярэзіну прайшлі ўзгадненьні з усімі неабходнымі міністэрствамі і арганізацыямі.
- Нарматывы выконваюцца.
- Збоі ў працы часткі абсталяваньня, якія ўзьніклі ў працэсе пусканаладачных работ, ліквідаваныя (што тычыцца смуроду).
- Мэтодыкі вымярэньня хімічных злучэньняў у атмасфэрным паветры, прамысловых выкідах і ў паветры рабочай зоны будуць гатовыя да сярэдзіны сакавіка.
- Агульная працягласьць пусканаладачных работ на заводзе сульфатнай беленай цэлюлёзы на гэты момант не перавышае 10 месяцаў. (Вядома, што пусканаладачныя працы пачаліся ў сьнежні 2017 году.)
- На завод людзей цяпер ня пусьцяць — няма падстаў для паўторнага наведваньня (пускалі 14 верасьня 2018 году).
- Сытуацыя вакол заводу нагнятаецца асобнымі людзьмі і СМІ.
- Інфармацыя аб забруджваньні навакольнага асяродзьдзя не пацьвярджаецца фактамі і не адпавядае рэчаіснасьці. У якасьці прыкладу кіраўнік канцэрну кажа пра інфармацыю аб звароце Мінпрыроды Ўкраіны да Мінпрыроды Беларусі з патрабаваньнем растлумачыць сытуацыю вакол забруджваньня Сьветлагорскім ЦКК ракі Бярэзіны. «Такога звароту не было», — піша прэсавая служба.
- Пры выхадзе заводу на праектную магутнасьць у суткі на ім будзе вырабляцца прадукцыі амаль на 1 мільён даляраў. Аналягаў такой вытворчасьці ў Беларусі няма.
- Людзі будуць забясьпечаныя працоўнымі месцамі.
Завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота
Рэакцыя ўдзельнікаў сустрэчы: «Каб ня ціск грамадзкасьці — нічога б не было»
На сустрэчы з Назаравым прысутнічаў актывіст ініцыятыўнай групы Анатоль Зьмітровіч. Актывісты задалі старшыні канцэрну 15 пісьмовых пытаньняў і 10 вусных. Зьмітровіч лічыць, што пэўныя пазытыўныя зрухі ў працы кітайскага заводу былі дасягнутыя толькі празь ціск неабыякавых грамадзян.
«Але і сёньня зранку ў Якімавай Слабадзе стаяў смурод. Сёньня на сустрэчы абяцалі, што, магчыма, на содарэгенэрацыйным катле будзе ўсталявана дадатковая гарэлка — для спальваньня гэтых смуродных газаў. У іх дагэтуль няма мэтодыкі, каб „злавіць“ смуродныя газы, вызначыць іх канцэнтрацыю. Мы задавалі пытаньне — чаму пры будаўніцтве Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат „ня ведаў“, што будуць выкіды мэтылмэркаптанаў? Толькі пасьля масавага абурэньня людзей кіраўніцтва заводу прызнала, што завод выкідае шкодны газ», — кажа Зьмітровіч.
Зьмітровіч бачыць праблему ў тым, што завод ніяк не запрацуе на поўную магутнасьць. Бо за студзень на прадпрыемстве выпусьцілі больш за 4 тысячы тон цэлюлёзы, за люты — больш за 8,5 тысячы тон, што складае 25% ад заплянаванай магутнасьці.
«Яны ня могуць выйсьці на праектную магутнасьць — вось у чым праблема. Каб выйшлі — тады б смуродныя газы спальваліся б у аўтаматычным рэжыме», — лічыць актывіст ініцыятыўнай групы.